Папа да італьянскіх мэраў: горад – не проста камунальная сфера
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У панядзелак раніцай, 29 снежня 2025 года, Папа сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі Нацыянальнай асацыяцыі італьянскай муніцыпалітэтаў (ANCI). Сустрэча адбылася ў сімвалічны час – на заканчэнне Юбілейнага года і ў перыяд Божага Нараджэння.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што сапраўдная ўлада – гэта перш за ўсё служэнне і адказнасць, супрацьпаставіўшы яе "нечалавечай уладзе" цара Ірада, якая знішчае будучыню дзеля ўласных амбіцый.
Мэр – не проста адміністратар, а захавальнік надзеі
Леў XIV падкрэсліў, што гарады – гэта не ананімныя прасторы, а скарбніцы чалавечых гісторый і твараў. Ён заклікаў мэраў не быць абыякавымі да дэмаграфічнага крызісу, экалагічных праблем і "маўклівага крыку бедных".
Папа працытаваў словы вядомага фларэнтыйскага палітыка Джорджа Ла Піры, які сцвярджаў: мэр мае права страціць давер, але не мае права ігнараваць беспрацоўных, бяздомных і хворых. Гэта фундаментальны абавязак любога кіраўніка горада, асабліва хрысціяніна: "калі нехта пакутуе, я павінен умяшацца".
Пантыфік таксама звярнуўся да спадчыны свайго папярэдніка, Францішка, нагадаўшы пра неабходнасць "слухаць самых малых". Без гэтага дэмакратыя рызыкуе ператварыцца ў фармальнасць і страціць сувязь з народам.
Леў XIV заклікаў прысутных стаць "майстрамі адданасці агульнаму дабру", будуючы сацыяльны альянс дзеля надзеі. Ён падкрэсліў, што людзі не могуць задавольвацца выключна матэрыяльным выжываннем, бо гэта вядзе да індывідуалізму і раз'ядае саму сутнасць грамадства.
Новыя пагрозы: гульняманія і грамадская ізаляцыя
Асаблівую трывогу Святога Айца выклікаюць сучасныя формы маргіналізацыі. Ён звярнуў пільную ўвагу на праблему азартных гульняў, якія разбураюць італьянскія сем'і. Спасылаючыся на даныя італьянскай “Caritas”, Папа адзначыў рэзкі рост гэтай залежнасці, назваўшы яе сур'ёзнай праблемай выхавання, псіхічнага здароўя і грамадскага даверу. Побач з гэтым стаяць іншыя формы адзіноты: дэпрэсія, псіхічныя расстройствы і культурная беднасць.
На заканчэнне сустрэчы Леў XIV працытаваў ксяндза Прыма Мацалары: "Краіне патрэбны не толькі каналізацыя, дамы і дарогі... Краіне патрэбны спосаб адчуваць, жыць, глядзець адзін на аднаго і адчуваць сябе братамі".
Папа заклікаў мэраў мець адвагу прапаноўваць людзям надзею і разам праектаваць лепшую будучыню, якая не абмяжоўваецца выключна інфраструктурай, але ўключае духоўнае і культурнае вымярэнне жыцця горада.
