Пошук

Мучанікі з  перуанскага Чымботэ Мучанікі з перуанскага Чымботэ 

Леў XIV: не гады, а вернасць місіі вымяраюць плённасць жыцця

Леў XIV у пасланні на 10-годдзе беатыфікацыі мучанікаў з Чымботэ, мясцовай касцельнай супольнасці ў Перу, назваў іх ахвяру заклікам да еднасці і місійнай адвагі для ўсяго Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец падкрэсліў, што благаслаўлёныя Міхал Тамашэк, Збігнеў Стшалкоўскі і Алесандра Дордзі, забітыя ў 1991 годзе з нянавісці да веры, паказалі свету сапраўдную сілу хрысціянскага сведчання. Нягледзячы на рознае паходжанне – двое палякаў-францішканаў і італьянскі дыяцэзіяльны святар, – яны здолелі стварыць у перуанскім Парыякота супольнасць, аб’яднаную любоўю да Хрыста і служэннем бедным.

Леў XIV звярнуў увагу на тое, што іх мучаніцтва стала доказам перамогі еднасці над падзеламі. У свеце, дзе часта пануюць канфлікты, гэтыя святары паказалі, што розныя харызмы і культуры могуць гарманічна суіснаваць дзеля агульнай місіі.

Папа заклікаў вернікаў вярнуцца да Езуса як да адзінага пункту адліку, бо толькі ў Ім Касцёл знаходзіць прычыну свайго існавання – несці святло праўды і надзеі нават у самыя цёмныя часы.

Асаблівы акцэнт Пантыфік зрабіў на звароце да моладзі і духавенства, заахвочваючы іх не баяцца радыкальнага выбару. Жыццё маладых мучанікаў, якое абарвалася так рана, даказвае, што плённасць служэння вымяраецца не гадамі, а вернасцю пакліканню.

Святы Айцец папрасіў маладых людзей адважна адказваць на Божы голас, а святароў – не адмаўляцца ад магчымасці місіянерскага выезду “fidei donum” туды, дзе Хрыста яшчэ не ведаюць.

На заканчэнне Леў XIV пажадаў супольнасці ў Чымботэ, каб гэты юбілей стаў нагодай для абнаўлення апостальскага запалу. Ён заклікаў працягваць справу мучанікаў: абвяшчаць Евангелле словамі і ўчынкамі, захоўваць веру ў выпрабаваннях і служыць самым слабым, давяраючы мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы мучанікаў.
 

06 снежня 2025, 10:07