Папа дыпламатам: мір – гэта актыўны дар, які будуецца ў сэрцы

Прымаючы 6 снежня 2025 года даверчыя граматы ад новых паслоў, Леў XIV заклікаў да “бяззбройнага міру” і падкрэсліў, што Апостальская Сталіца не застанецца ў баку ад глабальнай несправядлівасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец прывітаў дыпламатаў з Узбекістана, Малдовы, Бахрэйна, Шры-Ланкі, Пакістана, Ліберыі, Тайланда, Лесота, Паўднёвай Афрыкі, Фіджы, Мікранэзіі, Латвіі і Фінляндыі, якія распачынаюць сваю місію пры Святым Пасадзе.

Сустрэча адбылася ў пачатку пантыфікату Льва XIV і падчас Юбілейнага Года Надзеі, які, паводле слоў Папы, заклікае аднавіць давер у міжнародных адносінах і павагу да годнасці кожнага чалавека.

Мір – гэта не проста адсутнасць канфліктаў, а актыўны дар, які патрабуе адмовы ад ганарыстасці і жадання помсты

Пантыфік нагадаў пра сваё запрашэнне да “бяззбройнага і раззбройваючага міру”, які павінен будавацца ў сэрцах людзей. Ён перасцярог ад выкарыстання слоў як зброі і адзначыў, што геапалітычная напружанасць і падзелы сёння становяцца цяжарам для народаў, разрываючы сувязі чалавечай сям'і.

Леў XIV звярнуў увагу на тое, што менавіта бедныя і адрынутыя пакутуюць найбольш ад гэтых узрушэнняў, і нагадаў словы Францішка: веліч грамадства вымяраецца тым, як яно ставіцца да самых патрабуючых.

Святы Пасад заўсёды будзе голасам тых, каго часта забываюць і робяць нябачнымі

Папа запэўніў, што Апостальская Сталіца не будзе “маўклівым гледачом” перад абліччам сур'ёзнай няроўнасці і парушэння правоў чалавека. Яе дыпламатыя арыентавана на служэнне дабру чалавецтва і заклік да сумлення.

Леў XIV выказаў спадзяванне на тое, што супрацоўніцтва з новымі пасламі паспрыяе аднаўленню духу шматбаковага ўзаемадзеяння і рэвіталізацыі міжнародных арганізацый, створаных для вырашэння канфліктаў. Ён пажадаў дыпламатам, каб іх служэнне адкрывала дзверы для дыялогу і набліжала мір, якога так прагне свет.
 

06 снежня 2025, 10:18