Святы Айцец заклікае падлеткаў развіваць у Адвэнце цноту надзеі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыйна вітаючы моладзь, хворых і сужэнцаў, Святы Айцец заахвоціў іх скіраваць свой позірк на Марыю, чыя прысутнасць асабліва адчувальная ў гэты літургічны перыяд. Пантыфік пажадаў, каб Беззаганная Панна, якая сваім поўным даверу “так” адказала на волю Бога, падтрымала вернікаў у іх намеры зрабіць ласку Юбілею сапраўды плённай для свайго духоўнага жыцця.
Леў XIV звярнуў увагу на постаць святога Мікалая, чыя чуллівасць да бедаў бліжніх стала легендарнай. Праз яго прыклад Папа падкрэсліў просты, але глыбокі закон духоўнага жыцця: той, хто дорыць, атрымлівае ў адказ нашмат больш – глыбокае ўнутранае шчасце, недасягальнае для тых, хто толькі бярэ. Гэта асабліва важны ўрок у кантэксце перадсвяточнага часу, калі часам матэрыяльныя клопаты засланяюць сутнасць хрысціянскай любові.
Папа асаблівым чынам звярнуў увагу на дзяцей і падлеткаў, заклікаючы іх актыўна ўдзельнічаць у Раратах – адмысловых адвэнтавых Імшах. На думку Льва XIV, гэта дапаможа ім развіваць у сабе цноту надзеі ў чаканні Нараджэння Хрыста.
Сваю юбілейную сустрэчу з вернікамі Пантыфік завяршыў сардэчным благаслаўленнем для ўсіх яе ўдзельнікаў.
