Пошук

Пантыфік: музыка можа быць шляхам прыгажосці, які вядзе да Бога

Годнасць людзей не вымяраецца тым, чым яны валодаюць – мы ўсе ўмілаваныя Божыя дзеці, - нагадаў Папа арганізатарам і ўдзельнікам дабрачыннага канцэрта, які 6 снежня 2025 года пройдзе ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Канцэрт з беднымі” ужо стаў ватыканскай традыцыяй – ён пройдзе ўжо ў шосты раз і ўпісваецца ў кантэкст падрыхтоўкі да Святога Божага Нараджэння, - адзначыў Леў XIV, нагадваючы, што “Бог, Які стаў дзіцяткам, Які даверыўся клопату зямных бацькоў, Які дорыць сябе кожнаму з нас – гэта Ікона боскай любові, якая прыходзіць нас збавіць”.

У любові мы па-сапраўднаму рэалізуем сябе

“Глядзечы на Яго, мы можам навучыцца любіць так, як Ён палюбіў нас; мы можам адкрыць, што запаведзь любові адказвае на нашы самыя сапраўдныя патрэбы, бо калі мы любім, – мы па-сапраўднаму рэалізуем сябе”, - дадаў Папа падчас сустрэчы, якая прайшла 5 снежня ў Апостальскім палацы Ватыкана. У ёй бралі ўдзел каля 150 чалавек.

Салідарнасць з беднымі – знак любові да Бога

Святы Айцец адзначыў, што “Канцэрт з беднымі” – гэта не проста выступленне добрых артыстаў ці звычайнае музычнае мерапрыемства і нават не момант салідарнасці для супакаення сумлення перад абліччам несправядлівасці ў грамадстве.

“Я б хацеў, каб, прымаючы ўдзел у гэтай сустрэчы, мы памяталі словы Пана: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40). Гэта менавіта так! Калі мы па-сапраўднаму любім таго, хто галодны і прагне, голы, чужынец, вязень – мы любім Пана”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што годнасць людзей не вымяраецца тым, чым яны валодаюць, бо мы ўсе з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі Бога, а Яго любоў павінна быць крытэрыем нашых адносін да іншых. “Таму падчас нашага канцэрта самыя ўразлівыя браты і сёстры займаюць першыя месцы”, - дадаў Папа.

Музыка – шлях прыгажосці, які вядзе да Бога

Пантыфік таксама звярнуў увагу на важную ролю музыкі ў хрысціянстве. “У прыватнасці ў літургіі спеў ніколі не з’яўляецца “саўндтрэкам”, звычайным фонам, але пакліканы ўздымаць душу, каб весці яе як мага бліжэй да таямніцы, якая цэлебруецца”, - нагадаў Леў XIV, заклікаючы сваіх гасцей граць і спяваць прыгожа і ад усяго сэрца, бо “музыка сапраўды можа быць формай любові, via pulchritudinis (шляхам прыгажосці), які вядзе да Бога”.
 

05 снежня 2025, 13:13