Леў XIV заклікаў да аднадзённага каляднага перамір’я ва ўсім свеце

Леў XIV засмучаны тым фактам, што Расія адхіліла прапанову пра каляднае перамір’е. Ён выказаў спадзяванне на тое, што мірны працэс у Святой Зямлі будзе працягвацца, і шкадаванне ў сувязі з прыняццем на яго радзіме закона аб эўтаназіі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 23 студзеня 2025 года, перад вяртаннем з Кастэль-Гандольфа ў Ватыкан, Святы Айцец адказаў на некалькі пытанняў журналістаў. Размова адбылася пад праліўным дажджом каля брамы папскай рэзідэнцыі, дзе ён праводзіў свой штотыднёвы адпачынак.

Нягледзячы на кепскае надвор’е, павіншаваць Пантыфіка з надыходзячым Божым Нараджэннем сабраліся таксама многія мясцовыя жыхары разам са сваім пробашчам. Гарадскі аркестр выканаў для Святога Айца некалькі калядных спеваў.

Няхай наступяць 24 гадзіны міру

“Ваш голас – адзіны ў свеце, які яшчэ можа заклікаць да каляднага перамір’я”, - адзначыў адзін з прысутных прадстаўнікоў СМІ, спасылаючыся на сітуацыю ва Украіне, якая падвяргаецца масіраваным расійскім абстрэлам.

“Сапраўды, тое, што выклікае ў мяне вялікі смутак у гэтыя дні – гэта той факт, што, здаецца, Расія адхіліла прапанову пра каляднае перамір’е. Я зноў звяртаюся да ўсіх людзей добрай волі з заклікам прынамсі ў дзень нараджэння Збаўцы правесці адзін дзень міру. Спадзяюся, нас пачуюць, і няхай наступяць гэтыя 24 гадзіны – адзін дзень міру ва ўсім свеце”, - сказаў Папа.

Надзея на працяг мірнага пагаднення на Блізкім Усходзе

Каментуючы сітуацыю на Блізкім Усходзе, дзе абмяркоўваецца другі этап перамір’я, Папа згадаў пра нядаўні “цудоўны візіт” у Газу кардынала П’ербатысты Піцабалы, Лацінскага Патрыярха Іерусаліма. Ён таксама адзначыў, што паразмаўляў па тэлефоне з пробашчам каталіцкай парафіі Святой Сям’і ў Газе, айцом Габрыэлем Раманэлі. “Яны намагаюцца адсвяткаваць урачыстасць у сітуацыі, якая застаецца вельмі крохкай. Будзем спадзявацца, што мірнае пагадненне будзе працягнута”, - сказаў Пантыфік.

Расчараванне прыняццем закона аб эўтаназіі ў Ілінойсе

Адзін з журналістаў папрасіў Папу пракаментаваць сітуацыю на яго радзіме – у штаце Ілінойс у ЗША, дзе быў прыняты закон, які дазваляе з верасня 2026 года праводзіць эўтаназію для невылечна хворых дарослых людзей, якім, згодна з прагнозамі ўрачоў, засталося жыць менш за шэсць месяцаў. Леў XIV адзначыў, што “вельмі прамалінейна” абмяркоўваў гэта пытанне з губернатарам Джэй Бі Прыцкерам, калі прымаў яго ў лістападзе на аўдыенцыі ў Ватыкане.

“На той момант законапраект ужо ляжаў у яго на стале. Мы абсалютна ясна казалі пра неабходнасць паважаць святы характар жыцця ад яго пачатку і да канца. На жаль, па шэрагу прычын ён вырашыў падпісаць гэты законапраект. Я глыбока расчараваны”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў усіх, асабліва на Божае Нараджэнне, задумацца аб прыродзе і каштоўнасці чалавечага жыцця. “Бог стаў чалавекам, як мы, паказваючы, што значыць па-сапраўднаму жыць чалавечым жыццём. Я спадзяюся і малюся, каб зноў узрастала павага да жыцця на ўсіх этапах чалавечага існавання, ад зачацця да натуральнай смерці”, - сцвердзіў Леў XIV.
 

24 снежня 2025, 09:28