Анёл Панскі: Валадарства Божае – гэта вызваленне, а не панаванне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Разважаючы перад малітвай “Анёл Панскі” над Евангеллем Другой нядзелі Адвэнта, Папа звярнуў увагу на постаць Яна Хрысціцеля.
Прапаведнік у Юдэйскай пустыні абвяшчаў блізкасць Валадарства Нябеснага і заклікаў да навяртання. Леў XIV падкрэсліў, што гэты заклік застаецца актуальным і сёння, калі мы штодзённа просім у малітве “Ойча наш”: “Прыйдзі Валадарства Тваё”.
Бог прыходзіць, каб вызваляць
Гэтая просьба, паводле слоў Пантыфіка, скіроўвае нас да навізны, якую Бог падрыхтаваў для чалавецтва. Яна нагадвае, што гісторыя не пішацца моцнымі гэтага свету. Мы прысвячаем свае думкі і сілы Богу, які прыходзіць не для таго, каб панаваць над намі, а каб вызваліць нас. Менавіта гэта робіць Евангелле сапраўды Добрай Навіной, якая матывуе і заахвочвае да дзеяння.
Хоць тон Яна Хрысціцеля можа падавацца суровым, людзі слухалі яго, бо адчувалі ў яго словах заклік не жартаваць з жыццём. Гэта запрашэнне выкарыстаць цяперашні момант, каб падрыхтавацца да сустрэчы з Тым, Хто судзіць паводле ўчынкаў і інтэнцый сэрца, а не паводле знешняга выгляду. Сам Прарок быў здзіўлены тым, як Божае Валадарства праявілася ў Езусе Хрысце – праз лагоднасць і міласэрнасць.
Прарок Ісая параўноўваў Месію з парасткам – вобразам не магутнасці ці разбурэння, а нараджэння і навізны. На гэтым парастку, што прабіваецца з, здавалася б, мёртвага пня, спачывае Дух Святы. Леў XIV заўважыў, што кожны можа прыгадаць падобную неспадзяванку ва ўласным жыцці.
60 гадоў пасля Сабора
Папа правёў паралель з Другім Ватыканскім Саборам, які завяршыўся роўна шэсцьдзясят гадоў таму. Гэта быў вопыт, які аднаўляецца, калі Касцёл разам крочыць да Валадарства Божага. Тады не толькі прарастаюць рэчы, якія здаваліся слабымі, але і здзяйсняецца тое, што па-чалавечы лічылася немагчымым.
Пантыфік працытаваў прароцтва Ісаі пра часы, калі “воўк будзе жыць разам з ягнём”, падкрэсліваючы патрэбу свету ў такой надзеі.
На заканчэнне Леў XIV заклікаў вернікаў дазволіць Езусу з Назарэта весці сябе. Ён, які даверыў сябе нам ад нараджэння да крыжа, ззяе над гісторыяй як узыходзячае Сонца.
Святы Айцец нагадаў пра святочную калядную ілюмінацыю, якая ўжо з’явілася на вуліцах многіх гарадоў: гэта павінна нагадваць, што кожны можа стаць маленькім святлом, калі прыме Езуса, парастак новага свету, вучачыся гэтаму ў Марыі, жанчыны даверлівага чакання.