Папа: Божае Нараджэнне дорыць надзею і робіць пасланнікамі міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры, тысячагоддзямі людзі па ўсім свеце назіралі за небам, надавалі імёны і формы бязмоўным зоркам: яны чыталі ў іх, праз сваё ўяўленне, будучыя падзеі, шукаючы высока сярод зорак праўду, якой не хапала ўнізе, сярод іх дамоў. Быццам навобмацак яны блукалі, збянтэжаныя ўласнымі прадказаннямі. Але ў гэтую ноч “народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло” (Іс 9,1)”, - сказаў на пачатку гаміліі Папа.
Зорка, якая асвятляе ўсякую цемру
Пантыфік адзначыў, што святло зоркі абвясціла пра нараджэнне ў горадзе Давіда Збаўцы, якім ёсць Хрыстус Пан. “У час і прастору, дзе знаходзімся мы, прыходзіць Той, без каго мы б ніколі не існавалі. З намі жыве Той, які аддае за нас сваё жыццё, асвятляючы збаўленнем нашу ноч. Няма такой цемры, якую б не рассеяла гэта зорка, бо ў яе святле ўсё чалавецтва бачыць світанак новага і вечнага жыцця”, - сказаў Леў XIV.
У Дзіцятку Бог дорыць сябе
Папа падкрэсліў, што ў нараджэнні Езуса “Бог нам дорыць не нешта, а самога сябе”, а каб знайсці Яго, нам больш не трэба ўглядацца далёка ўвышыню, а схіліцца над яслямі, у якіх ляжыць спавітае Дзіця.
“Усемагутнасць Бога зіхаціць у бяссіллі немаўляці; красамоўнасць вечнага Слова гучыць у першым крыку нованароджанага; святасць Духа ззяе ў гэтым цельцы, толькі што памытым і спавітым у пялюшкі. Боскай з’яўляецца патрэба ў клопаце і цяпле, якую Сын Айца раздзяляе ў гісторыі з усімі сваімі братамі. Боскае святло, якое выпраменьваецца з гэтага Дзіцяці, дапамагае нам бачыць чалавека ў кожным жыцці, якое нараджаецца”, - сцвердзіў Папа.
Там, дзе ёсць месца для чалавека, там ёсць месца для і Бога
“Каб выбавіць нас ад нашай слепаты, Пан захацеў аб’явіцца чалавеку праз чалавека”, - сказаў Пантыфік, спасылаючыся на актуальныя словы Бэнэдыкта XVI: калі на зямлі няма месца для чалавека, тады няма месца і для Бога: не прымаць аднаго – значыць не прымаць іншага. Але там, дзе чалавека прымаюць, там знаходзіцца месца і для Бога: тады стайня становіцца святыняй, а ўлонне Панны Марыі – каўчэгам Новага Запавету, сцвердзіў Святы Айцец.
Мудрасць Божага Нараджэння
“Дарагія, будзем жа захапляцца мудрасцю Божага Нараджэння. У дзіцятку Езусе Бог дае свету новае жыццё: Сваё і для ўсіх. Не ідэю для вырашэння ўсіх праблем, а гісторыю любові, якая ўключае і нас. У адказ на чаканні народаў Бог пасылае дзіця, каб стала словам надзеі; у адказ на пакуты няшчасных Бог пасылае безабароннага, каб стаў сілай, што дапаможа ім падняцца; у адказ на гвалт і прыгнёт Бог запальвае лагоднае святло, якое асвятляе збаўленнем усіх сыноў гэтага свету”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што “Бог становіцца падобным да нас, паказваючы бясконцую годнасць кожнага чалавека”, а “ў той час, калі чалавек хоча стаць Богам, каб панаваць над бліжнім, Бог хоча стаць чалавекам, каб вызваліць нас ад усякага рабства”.
Божае Нараджэнне заклікае несці надзею і мір
Леў XIV нагадаў словы Францішка, які, адкрываючы Святы год, заклікаў вернікаў несці надзею туды, дзе яна пагасла.
“Будзем жа абвяшчаць радасць Божага Нараджэння, якое з’яўляецца святам веры, любові і надзеі. Святам веры – таму што Бог стаў чалавекам, нарадзіўшыся з Панны. Святам любові – таму што дар Сына Адкупіцеля спаўняецца ў братэрскай адданасці. Святам надзеі – таму што дзіцятка Езус запальвае яе ў нас, робячы нас пасланнікамі міру. З гэтымі цнотамі ў сэрцах, не баючыся ночы, мы можам выйсці насустрак світанку новага дня”, - падкрэсліў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.
