Пошук

Леў XIV: Божае Нараджэнне вучыць нас прастаце і пакоры

Папа падзякаваў супрацоўнікам Ватыкана за штодзённую працу і павіншаваў іх сем’і са святам Божага Нараджэння. Аўдыенцыя для персаналу Рымскай курыі, Губернатарату Дзяржавы Ватыкан і Вікарыяту Рымскай дыяцэзіі прайшла 22 снежня 2025 года ў Зале Паўла VI.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Сёння гаворка пойдзе не пра працу, але я хацеў бы скарыстацца гэтай магчымасцю, каб падзякаваць кожнаму з вас за тое, што вы выконваеце”, - сказаў Леў XIV, дадаючы, што Ватыкан уяўляе сабой “вялікую мазаіку офісаў і службаў”, якія ён з Божай дапамогай спадзяецца паступова наведаць.

Папа нагадаў, што сустрэча ў сямейнай атмасферы прымеркавана да Нараджэння Хрыста, якое ў ватыканскай зале увасабляюць яслі. У народнай традыцыі вакол ясляў звычайна размяшчаюць фігуркі розных людзей: акрамя нязменных пастухоў, там можна ўбачыць каваля, карчмара, пральшчыцу, тачыльшчыка і іншых. Некаторыя з гэтых рамёстваў ужо зніклі ці значна змяніліся, але яны захоўваюць свой сэнс у яслях. Яны нагадваюць нам, што ўсе нашы справы, паўсядзённыя заняткі набываюць свой поўны сэнс у Божай задуме, цэнтрам якой з’яўляецца Езус Хрыстус.

Здаецца, што Дзіцятка ў яслях благаслаўляе ўсіх. Яго лагодная і сціплая прысутнасць паўсюль распаўсюджвае Божую ласку. Пакуль Марыя і Юзаф пакланяюцца Яму, а пастухі набліжаюцца, поўныя здзіўлення, іншыя персанажы займаюцца сваімі штодзённымі справамі. І хоць здаецца, што яны адарваныя ад цэнтральнай падзеі, насамрэч, гэта не так: кожны ўдзельнічае ў ёй так, як умее, выконваючы на сваім месцы свой абавязак, сваё рамяство, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што так можа быць і ў нашым жыцці, у нашы працоўныя дні: кожны з нас можа праслаўляць Бога, сумленна выконваючы сваю задачу, з самаадданасцю і любоўю да сям’і і дзяцей.

“Дарагія, нараджэнне Езуса вучыць нас стылю прастаты і пакоры. Паклапацімся, усе разам, каб ён ўсё больш і больш станавіўся стылем Касцёла, ва ўсіх яго праявах. Калі ласка, перадайце маё прывітанне вашым блізкім, асабліва пажылым і хворым. Скажыце, што Папа моліцца за іх”, - запэўніў Леў XIV, пажадаўшы сваім супрацоўнікам шчаслівага Божага Нараджэння.

22 снежня 2025, 12:58