Пошук

Святы Айцец: супакой існуе, ён ужо сярод нас, але яго трэба прыняць

Падчас Святой Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння Леў XIV нагадаў, што Божы супакой ужо прысутнічае сярод нас. Ён падкрэсліў, што нават сярод руін і выпрабаванняў жыццё працягваецца, а Божае святло з’яўляецца крыніцай адраджэння.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Дарагія сёстры і браты! Радуйцеся, спявайце разам (Іс 52:9), – заклікае пасланнік міру тых, хто знаходзіцца на руінах горада, які павінен быць цалкам адноўлены. Хоць запыленыя і параненыя, ногі яго прыгожыя, – піша прарок (пар ІС 52:7), таму што па доўгіх і няроўных дарогах яны прынеслі радасную навіну, у якой цяпер усё адраджаецца. Гэта новы дзень! Мы таксама ўдзельнічаем у гэтым павароце, у які, здаецца, ніхто яшчэ не верыць: супакой існуе, і ён ужо сярод нас”, - сказаў Папа ў гаміліі падчас ўрачыстай Імшы, якая прайшла ў Базіліцы Святога Пятра 25 снежня 2025 года.

Пантыфік адзначыў, што супакой, які дае Езус, адрозніваецца ад супакою свету. "Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам”(Ян 14: 27), — нагадаў ён евангельскія словы, дадаючы што мы не толькі здзіўляемся спакою, які ўжо тут, але і святкуем яго як дар, які быў дадзены нам, і які дазваляе нам радавацца і спяваць. Ва ўсім свеце Божае Нараджэнне – гэта свята музыкі і спеваў.

Імша Божага Нараджэння ў Ватыкане
Імша Божага Нараджэння ў Ватыкане   (@Vatican Media)

Пралог чацвёртага Евангелля з'яўляецца гімнам Слову Божаму. Слова заўсёды дзейнічае і не застаецца безвыніковым. Нашы словы таксама маюць наступствы, часам непажаданыя. Так, словы сапраўды дзейнічаюць. Але вось сюрпрыз, які прапануе нам літургія Божага Нараджэння: Слова Божае з’яўляецца ў свеце і не ўмее гаварыць, яно прыходзіць да нас як немаўля, якое толькі плача і крычыць, - сказаў Леў XIV.

“Слова сталася целам” (Ян 1:14). І хоць Ён вырасце і вывучыць мову свайго народа, зараз гаворыць толькі яго простая, крохкая прысутнасць. “Цела” – гэта радыкальная голасць, у якой у Бэтлееме і на Галгофе адсутнічае слова. Як не маюць слова многія браты і сёстры, пазбаўленыя годнасці і прымушаныя да цішыні. Чалавечае цела патрабуе клопату, чакае прыняцця і прызнання, шукае пяшчотных рук і ўважлівых розумаў, жадае добрых слоў, - адзначыў Святы Айцец.

"Ён прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Тым, хто Яго прыняў, Ён даў магчымасць стаць дзецьмі Божымі (Ян 1:11). Вось парадаксальны спосаб, у якім супакой ужо прысутнічае сярод нас: Божы дар прывабны, шукае прыняцця і абуджае самаадданасць. Стаць дзецьмі Божымі – дае сапраўдную моц, але гэта моц застаецца схаванай да таго часу, пакуль мы трымаемся ўбаку ад плачу дзяцей і ўразлівасці старых, ад бяссільнага маўчання ахвяр і ад меланхоліі тых, хто робіць зло, якога сам не хоча”, - сказаў Папа.

Імша Божага Нараджэння ў Ватыкане
Імша Божага Нараджэння ў Ватыкане   (@Vatican Media)

Леў XIV нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што часам мы адчуваем спакусу быць хрысціянамі, захоўваючы асцярожную адлегласць ад ран Пана. Але Езус хоча, каб мы дакраналіся да чалавечых бед, да пакутлівай плоці іншых. Ён чакае, што мы адмовімся ад пошуку тых асабістых ці грамадскіх сховішчаў, якія дазваляюць нам трымацца ўбаку ад драматычнай рэальнасці чалавечага жыцця, каб мы сапраўды адважыліся ўвайсці ў кантакт з канкрэтным існаваннем іншых і спазналі сілу пяшчоты (“Evangelii gaudium”, 270).

“Дарагія браты і сёстры, паколькі Слова стала целам, цяпер сама плоць гаворыць, крычыць пра Божае жаданне сустрэцца з намі. Слова паставіла сярод нас свой крохкі намёт. І як тут не ўзгадаць намёты ў Газе, якія тыднямі стаяць пад дажджом, ветрам і холадам, а таксама пра намёты шматлікіх бежанцаў на ўсіх кантынентах, або імправізаваныя прыстанкі тысяч бяздомных у нашых гарадах? Крохкая плоць безабаронных народаў, знясіленых войнамі, якія працягваюцца або скончыліся, пакідаючы пасля сябе руіны і адкрытыя раны. Крохкія таксама розумы і жыцці маладых людзей, прымушаных браць у рукі зброю, якія на фронце адчуваюць бессэнсоўнасць таго, чаго ад іх патрабуюць, і хлусню, якой прасякнуты напышлівыя прамовы тых, хто пасылае іх паміраць”, - зазначыў Пантыфік.

Калі крохкасць іншага пранікае ў наша сэрца, калі боль бліжняга разбурае нашу гранітную ўпэўненасць, тады ўжо пачынаецца супакой. Божы супакой нараджаецца з пачутага дзіцячага плачу; ён нараджаецца сярод руін, якія заклікаюць да новай салідарнасці, нараджаецца з мараў і бачанняў, якія, як прароцтвы, змяняюць ход гісторыі. Так, усё гэта існуе, бо Езус – Логас, сэнс, з якога ўсё склалася. “Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася” (Ян 1:3). Гэтая таямніца звяртаецца да нас праз яслі, якія мы зрабілі, адкрывае нам вочы на свет, у якім Слова ўсё яшчэ адгукаецца шмат разоў і па-рознаму (пар. Гбр 1:1) і зноў заклікае нас да навяртання, - сказаў Леў XIV.

Імша Божага Нараджэння ў Ватыкане
Імша Божага Нараджэння ў Ватыкане   (@Vatican Media)

Вядома, Евангелле не хавае таго, што цемра супраціўляецца святлу: яно апісвае шлях Слова Божага як непраходную дарогу, усеяную перашкодамі. Да сённяшняга дня сапраўдныя пасланцы міру ідуць за Словам гэтым шляхам, які ўрэшце дасягае сэрцаў – трывожных сэрцаў, якія часта прагнуць менавіта таго, чаму супраціўляюцца. Таму Божае Нараджэнне натхняе місійны Касцёл, падштурхоўваючы яго ісці шляхамі, якія праклала для яго Слова Божае. Мы не служым нахабнаму слову – яно і так гучыць паўсюль, – але прысутнасці, якая абуджае дабро, ведае яго моц і не прысвойвае сабе манаполіі на яго, - зазначыў Пантыфік.

“Вось шлях місіі: шлях да іншага. У Богу кожнае слова – гэта слова, звернутае да кагосьці, запрашэнне да размовы, слова, якое ніколі не застаецца замкнёным у сабе. Гэта тое абнаўленне, якому спрыяў Другі Ватыканскі Сабор і якое зможа расквітнець толькі тады, калі мы будзем ісці разам з усім чалавецтвам, а не адасабляцца ад яго. Мірское – гэта наадварот: ставіць у цэнтр саміх сябе. Рух Уцелаўлення – гэта дынаміка дыялогу. Мір настане тады, калі нашы маналогі спыняцца і, напоўненыя слуханнем, мы схілімся на калені перад аголенай уразлівасцю іншага. Панна Марыя менавіта ў гэтым з’яўляецца Маці Касцёла, Зоркай евангелізацыі, Каралевай міру. У Ёй мы разумеем, што нічога не нараджаецца з паказной сілы і што ўсё адраджаецца з ціхай моцы прынятага жыцця”, - сказаў Папа.

25 снежня 2025, 10:46