Пошук

Кардынал Курт Кох падчас святой Імшы ў трэцюю гадавіну смерці Бэнэдыкта XVI Кардынал Курт Кох падчас святой Імшы ў трэцюю гадавіну смерці Бэнэдыкта XVI 

Кардынал Кох: Бэнэдыкт XVI заўсёды шукаў аблічча Бога

Бэнэдыкт XVI заўсёды шукаў аблічча Бога, - адзначыў кардынал Курт Кох падчас святой Імшы ў трэцюю гадавіну смерці Ёзэфа Ратцынгера. Яна прайшла раніцай 31 снежня 2025 года ў гротах ватыканскага сабора, побач з магілай Папы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы сабраліся ў Базіліцы Святога Пятра, каб згадаць трэцюю гадавіну вяртання Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI – да Айца, успомніць яго і падзякаваць за яго жыццё і служэнне як святара, тэолага, біскупа і Папы”, - сказаў на пачатку гаміліі прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Іерарх нагадаў, што ў апошні дзень каляндарнага года, у які Ёзэф Ратцынгер пакінуў зямны свет і вярнуўся ў дом Нябеснага Айца, падчас Імшы чытаецца пралог Евангелля паводле святога Яна, які пачынаецца словамі: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова”.

Кардынал Кох назваў прыгожым і кранальным супадзеннем тое, што, калі мы молімся за Бэнэдыкта XVI, літургія кажа пра пачатак, “абяцаючы, што канец чалавечага жыцця на зямлі – гэта зусім не канец, а новы пачатак, і што апошні дзень зямнога жыцця чалавека – гэта пачатак новага жыцця, вечнага жыцця з Богам”.

Іерарх нагадаў, што вера дазваляе хрысціянам глядзець на смерць як на шлях, што вядзе да вечнай еднасці з Богам. “Калі вечнае жыццё заключаецца ў еднасці з Богам, карысна падрыхтавацца да яго ўжо ў нашым зямным жыцці, як гэта рабіў на працягу ўсяго свайго існавання Ёзэф Ратцынгер”, - падкрэсліў кардынал Кох, адзначаючы, што Бэнэдыкт XVI “заўсёды шукаў і знаходзіў аблічча Бога ў сустрэчы з Езусам Хрыстом”, ў Якім “Бог сам адкрыў і паказаў сваё сапраўднае аблічча”.
 

31 снежня 2025, 13:54