Закрыццё Святой Брамы Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ Закрыццё Святой Брамы Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ  (@VATICAN MEDIA )

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ: памятны медаль Юбілею

З нагоды закрыцця Святой Брамы і завяршэння Юбілейнага года Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ, аднаўляючы старажытную традыцыю, выпусціць адмысловы памятны медаль.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Медаль мае на мэце захаваць памяць пра Святы 2025 год – надзвычайную падзею, якая застанецца ў гісторыі як Юбілей двух Папаў: Францішка і Льва XIV. Адкрыццё і закрыццё Святога года рознымі Пантыфікамі дагэтуль здаралася толькі аднойчы ў гісторыі: гэта быў Юбілей 1700 года, які распачаўся пры Інакенціі XII, а завяршыўся пры Кліменце XI.

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ ўшануе памяць пра Святы 2025 год таксама таму, што Францішак, які памёр падчас Юбілею, знайшоў у гэтай рымскай святыні свой апошні спачын.

На аверсе медаля размешчаны выявы Святой Брамы Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, Езуса Хрыста і Панны Марыі, а таксама чатырох падзей: Звеставання і Пяцідзясятніцы, Эфесцкага Сабора і Другога Ватыканскага Сабора. Надпіс на лацінскай мове паведамляе, што медаль быў выпушчаны ў першы год пантыфікату Льва XIV.

На рэверсе надпіс на лацінскай мове нагадвае, што кардынал Раландас Макрыцкас, архіпрэзбітэр Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, адчыніў Святую Браму гэтага храма ў пантыфікат Францішка, а закрыў – у пантыфікат Льва XIV. У ніжняй частцы змешчана імя мастачкі, якая распрацавала праект медаля – Амалія Містыкелі.

Памятны медаль будзе выпушчаны ў абмежаванай колькасці: дзве тысячы экземпляраў з бронзы і тысяча – з срэбра. Іх кошт, адпаведна, – 70 і 120 еўра. Набыць медалі можна будзе выключна ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.
 

30 снежня 2025, 09:45