Пошук

Папа: жыць Евангеллем – значыць любіць Бога і людзей

Вяртацца да духоўных крыніцаў, паглыбляць братэрства і несці прымірэнне ў падзелены свет, служачы бедным у духу Евангелля, - заклікаў Папа ўдзельнікаў генеральнага капітула ордэна Слугаў Марыі, якіх 24 лістапада 2025 года прыняў у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік заўважыў, што капітул – гэта вяртанне да крыніцаў і адначасова позірк у будучыню. “Чым больш вяртаемся да крыніцаў, тым больш становімся здольнымі да творчасці і прароцтва”, - падкрэсліў ён, указаўшы сваім гасцям на некалькі духоўных крыніц, да якіх варта вярнуцца.

Евангелле, рэгула і ўвага да бедных

Першая – гэта Евангелле. Леў XIV нагадаў словы Францішка пра тое, што для заснавальнікаў і заснавальніц манаскіх супольнасцяў галоўным правілам заўсёды было Евангелле, а кожнае іншае правіла было толькі яго выражэннем і прыладай, якая дазваляе жыць ім напоўніцу.

Другая крыніца – гэта рэгула, а таксама статуты ордэна і спадчына духоўнасці, назапашаная праз гісторыю. “Гэтыя крыніцы даюць вам у пэўным сэнсе “экзэгетычны ключ”, з якім, з дапамогай Святога Духа, трэба чытаць і інтэрпрэтаваць тое, што вам кажа Божае слова”, - падкрэсліў Пантыфік, назваўшы трэцяй крыніцай, да якой трэба вярнуцца законнікам, увагу да воклічу бедных.

Жыць братэрствам і несці прымірэнне

Леў XIV заахвоціў членаў ордэна Слугаў Марыі пашыраць братэрства, працягваць служыць людзям, якія знаходзяцца ў нястачы, а таксама пашыраць у свеце марыйную духоўнасць.

Гаворачы пра братэрства, Папа звярнуў увагу на ўнікальнасць ордэна Слугаў Марыі – ля яго вытокаў быў не адзін харызматычны лідар, а група з сямі сяброў, звязаных моцным сяброўствам у Хрысце. “У такім свеце, як наш, гэта з’яўляецца знакам асаблівага задання і паклікання: жыць братэрствам і несці яго, асабліва туды, дзе людзі падзеленыя з-за канфліктаў, багацця, культурных адметнасцяў, расы ці рэлігіі. Ва ўсіх гэтых кантэкстах вы пакліканы быць носьбітамі сяброўства і міру, як гэта было для “Сямі”, якія ў сваім горадзе, хоць і былі падзеленыя братазабойчай нянавісцю, сталі носьбітамі прымірэння і міласэрнай любові”, - сказаў Леў XIV.

Служыць з любоўю да Бога і людзей

Пантыфік заўважыў, што сама назва ордэна – Слугі Марыі – заклікае яго членаў да служэння па прыкладзе іх заснавальнікаў, якія дапамагалі хворым, пілігрымам, бедным жанчынам – апошнім свайго часу. Ён нагадаў, што досвед служэння Богу ў ранах пакутуючых хутка прывёў іх да сустрэчы з Хрыстом. “Жыццё паводле Евангелля такое: гэта гарачая любоў да Бога і чалавека, якая вядзе да аднолькава моцнай любові да неба і зямлі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пашыраць марыйную пабожнасць

Леў XIV заклікаў сваіх гасцей пашыраць у Касцёле марыйную пабожнасць, адзначыўшы каштоўнасць працы, якую яны выконваюць праз Тэалагічны факультэт “Марыянум”, а таксама праз душпастырскі клопат пра шматлікія марыйныя санктуарыі, давераныя ім. Папа пажадаў законнікам, каб Панна Марыя, прысутная ля Крыжа Езуса, паказвала ім “шматлікія іншыя крыжы, на якіх Хрыстус дагэтуль працягвае пакутаваць у сваіх братах”, каб яны маглі несці ім “суцяшэнне, адзінства, дапамогу і каштоўны хлеб любові”.
 

24 лістапада 2025, 12:50