Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (ANSA)

Пантыфік: падтрымаць кляўзуровыя манаскія супольнасці

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 лістапада 2025 года ў Ватыкане, Папа заклікаў аказаць падтрымку кляўзуровым кляштарам, пажадаў апекі Багародзіцы рыбакам, а таксама прывітаў моладзь, хворых і маладажонаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV заўважыў, што 21 лістапада, у літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, у Касцёле будзе адзначацца штогадовы Дзень “Pro Orantibus”, прысвечаны духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы кляўзуровых манаскіх супольнасцей.

“Няхай нашы браты і сёстры, якія вядуць кантэмпляцыйнае жыццё, не маюць нястачы ў канкрэтнай салідарнасці і плённай дапамозе касцельнай супольнасці, каб забяспечыць ім утрыманне і працяг іх ціхага, плённага і незаменнага апостальства”, - пажадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў бліжэйшую пятніцу будзе адзначацца таксама Сусветны дзень рыбалоўства, у сувязі з чым ён пажадаў апекі Багародзіцы ўсім рыбакам і іх сем’ям.

Некалькі падбадзёрваючых словаў Папа традыцыйна скіраваў да моладзі, хворых і маладажонаў. “У наступную нядзелю, апошнюю нядзелю Звычайнага перыяду, мы будзем святкаваць урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Дарагая моладзь, стаўце Езуса ў цэнтр вашага жыцця. Дарагія хворыя, няхай Хрыстус, які зрабіў крыж каралеўскім тронам, навучыць вас разумець адкупленчую каштоўнасць пакут, перажытых у еднасці з Ім. Дарагія маладажоны, запрашаю вас паставіць Езуса ў цэнтр вашага сужэнскага шляху”, - заклікаў Пантыфік.
 

19 лістапада 2025, 11:13