Леў XIV: добрае кіно абуджае душу і ўсяляе надзею
Марыя Валодзіна - Vatican News
15 лістапада 2025 года Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі кінематографа розных краін свету. Ён нагадаў пра сапраўднае прызначэнне “гэтай маладой, летуценнай і трохі неспакойнай” мастацкай формы. З моманту свайго нараджэння ў 1895 годзе кінематограф прайшоў шлях ад простай забавы, гульні з святлом і ценем, да значна больш глыбокай з’явы, здольнай быць “выразам жадання чалавека сузіраць і разумець жыццё, распавядаць пра яго веліч і ўразлівасць, адлюстроўваць імкненне да бясконцасці”, - заўважыў Пантыфік.
Сапраўднае кіно абуджае погляд душы
Папа назваў кінематограф “папулярным мастацтвам у самым высакародным сэнсе гэтага слова”, прызначаным для ўсіх і кожнага. Ён падкрэсліў, што сапраўдная каштоўнасць кіно – у яго здольнасці абуджаць погляд душы, дапамагаць гледачам пераасэнсаваць сваё жыццё, убачыць сябе і свет так, як быццам упершыню. Кіно вяртае чалавеку часцінку надзеі, без якой нашае існаванне становіцца няпоўным.
“Сёння мы жывем з пастаянна ўключанымі лічбавымі экранамі. Паток інфармацыі не спыняецца. Аднак кіно – гэта больш, чым проста экран. Гэта скрыжаванне жаданняў, успамінаў і пытанняў. Гэта падарожжа пачуццяў, у якім святло пранізвае цемру, а словы сустракаюцца з цішынёй. Па меры разгортвання сюжэту наш розум выхоўваецца, наша ўяўленне пашыраецца, і нават боль можа здабыць новы сэнс”, - адзначыў Леў XIV.
Роля кінатэатраў і тэатраў
Святы Айцец нагадаў пра важнасць культурных прастор – кінатэатраў і тэатраў, якія з’яўляюцца “пульсуючымі сэрцамі” гарадоў, таму што спрыяюць іх гуманізацыі. Аднак кінатэатры перажываюць трывожны заняпад і ўсё часцей знікаюць. Кінамастацтву пагражае “логіка алгарытмаў”. Папа заахвоціў установы супрацоўнічаць дзеля абароны сацыяльнай і культурнай каштоўнасці кінатворчасці, якая не баіцца павольнасці, цішыні і складаных пытанняў.
Пантыфік паўтарыў словы Паўла VI, які ў пасланні да дзеячаў мастацтва казаў: “Калі вы сябры сапраўднага мастацтва, вы нашы сябры”. “Свет, у якім мы жывем, мае патрэбу ў прыгажосці, каб не пагрузіцца ў адчай", - нагадаў ён, запрашаючы кінематаграфістаў "зрабіць кіно мастацтвам духу”.
Сведчыць пра складаныя праблемы
Папа заклікаў кінадзеячаў не баяцца сведчыць свету пра насілле, беднасць выгнанне, адзіноту, залежнасці і забытыя войны. Добрае кіно не эксплуатуе боль, а прызнае і даследуе яго. Так рабілі ўсе вялікія рэжысёры. Агучванне складаных, супярэчлівых, часам цёмных пачуццяў, якія жывуць у чалавечым сэрцы, - гэта акт любові. Кінамастацтва, не будучы дыдактычным, валодае здольнасцю выхоўваць гледачоў, - зазначыў Святы Айцец.
Быць месцам сустрэчы і братэрства
Папа таксама нагадаў, што стварэнне фільма – гэта калектыўная праца, немагчымая без самаадданасці шматлікіх прафесіяналаў. Акрамя рэжысёраў і акцёраў, над фільмам працуюць сцэнарысты, асістэнты, гукааператары, мастакі па святле, дызайнеры касцюмаў і шмат іншых спецыялістаў, таму кіно служыць узорам супрацоўніцтва і братэрства, дзе кожны можа праявіць свой талент.
Святы Айцец пажадаў, каб кіно “заўсёды заставалася месцам сустрэчы і домам для тых, хто шукае сэнс і мову міру”. “Хай яно ніколі не страчвае здольнасці здзіўляць і працягвае даваць нам магчымасць хоць на імгненне дакрануцца да таямніцы Бога”, - сказаў Папа, благаслаўляючы кінатворцаў, іх працу і сем'і.
