Папа ў Фанары: няхай Бог пачуе малітву хрысціян аб адзінстве

Папа Леў XIV наведаў рэзідэнцыю Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея І. Візіт адбыўся ў другой палове дня 29 лістапада 2025 года. Ён пачаўся супольнай малітвай праслаўлення – даксалогіяй – у патрыяршай царкве святога Георгія.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Увайшоўшы ў гэту царкву, я адчуў вялікае ўзрушэнне, усведамляючы, што іду па слядах Папы Паўла VI, Папы Яна Паўла ІІ, Папы Бэнэдыкта XVI і Папы Францішка”, - сказаў Святы Айцец у прывітальнай прамове, падчас якой пажадаў, каб Бог пачуў малітву хрысціян аб адзінстве.

Шчырае і братэрскае сяброўства

Леў XIV нагадаў, што яго папярэднікаў лучыла з Патрыярхам Барталамеем “шчырае і братэрскае сяброўства, заснаванае на агульнай веры і супольным бачанні многіх галоўных выклікаў, на якія павінны адказаць Царква і свет”.

“Я ўпэўнены, што гэта сустрэча таксама паспрыяе ўмацаванню нашых сяброўскіх адносін, якія ўжо пачалі паглыбляцца ад таго моманту, калі мы ўпершыню ўбачыліся на пачатку майго служэння як Біскупа Рыма, асабліва падчас урачыстай цэлебрацыі Эўхарыстыі, на якой Ваша Святасць мелі ласкавасць прысутнічаць”, - пажадаў Папа.

Візіт у рэзідэнцыю Патрыярха Барталамея І
Візіт у рэзідэнцыю Патрыярха Барталамея І   (ANSA)

Імкненне да поўнага адзінства

Пантыфік заўважыў, што яго візіт праходзіць у кантэксце 1700-годдзя Нікейскага Сабора. “Успамінаючы пра гэту такую важную падзею і натхнёныя малітвай Езуса аб тым, каб усе Яго вучні былі адно, мы атрымліваем заахвочанне ў нашым імкненні да аднаўлення поўнага адзінства паміж усімі хрысціянамі – заданні, якое бярэм на сябе з Божай дапамогай”, - падкрэсліў ён.

Візіт у рэзідэнцыю Патрыярха Барталамея І
Візіт у рэзідэнцыю Патрыярха Барталамея І   (ANSA)

Няхай Бог пачуе малітву хрысціян аб адзінстве

“Рухомыя гэтым жаданнем адзінства, мы рыхтуемся таксама святкаваць успамін апостала Андрэя, апекуна Канстанцінопальскага Патрыярхата. Падчас сённяшняй вячэрняй малітвы дыякан узнёс да Бога просьбу “аб трываласці святых Цэркваў і аб адзінстве ўсіх”. Гэты самы заклік зноў прагучыць падчас заўтрашняй Боскай Літургіі. Няхай Бог, Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, змілуецца над намі і пачуе гэту малітву”, - сказаў Папа.

Пасля даксалогіі Леў XIV і Барталамей І разам выйшлі з царквы і накіраваліся на прыватную сустрэчу ў сядзібу Экуменічнага Канстанцінопальскага Патрыярха, перад якой яны падпішуць сумесную дэкларацыю.

Візіт у рэзідэнцыю Патрыярха Барталамея І
29 лістапада 2025, 14:20