Папа да прадстаўнікоў моладзі: будзьце ўзорамі творчасці і адвагі

Леў XIV заклікаў членаў ватыканскай моладзевай рады быць голасам усіх сваіх аднагодкаў, гаварыць ад імя тых, каго не чутна: бедных, самотных, бежанцаў, маргіналізаваных і тых, хто не мае магчымасці атрымаць адукацыю.

Марыя Валодзіна - Vatican News

31 кастрычніка 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане маладых людзей, якія ўвайшлі ў склад Міжнароднай моладзевай кансультатыўнай рады (International Youth Advisory Body) пры Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Мэта гэтай дарадчай структуры – данесці да Святога Пасада погляды моладзі на пытанні, якія датычаць місіі Касцёла. Пантыфік падзякаваў гасцям за іх гатоўнасць і працу, а таксама падзяліўся трыма разважаннямі пра ўдзел, сінадальнасць і місію.

Удзел

Пантыфік падкрэсліў, што сапраўдны ўдзел у жыцці і місіі Касцёла пачынаецца з блізкасці да сэрца Хрыста. Такім чынам, удзел – гэта духоўны, а не палітычны ці ідэалагічны акт. Незадоўга да смерці Хрыстус у малітве прасіў Айца, “каб усе былі адно” (Ян 17:21). Яго думкі звярталіся да ўсіх людзей, уключаючы тых, хто далёка, і тых, хто прыйдзе ў будучыні. “Пан заўсёды захоўвае ў сваім сэрцы ўвесь свет. Гэта крыніца ўдзелу”, - сказаў Святы Айцец. Тыя, хто блізкі да Езуса, пачынаюць бачыць свет Яго вачыма, адчуваць пакуты, патрэбы і памкненні іншых людзей, ніводзін чалавек ім не чужы. Гэта спараджае жаданне ўдзельнічаць у сусветнай місіі Касцёла, якая накіравана на ўсіх. Такі ўдзел з'яўляецца прыкметай чалавечай і духоўнай сталасці. У той час як дзеці заклапочаныя толькі сваімі ўласнымі патрэбамі, сталыя людзі падзяляюць праблемы іншых, - адзначыў Пантыфік. Папа заклікаў маладых людзей быць духоўна сталымі і адчуць надзеі, мары і цяжкасці ўсіх маладых людзей нашага часу, глядзець на іх вачыма Хрыста і паспрабаваць уявіць, што можа зрабіць для іх Касцёл.

Сінадальнасць

Па вобразу Святой Тройцы Касцёл – гэта супольнасць людзей розных узростаў, моў і нацыянальнасцяў, якія ідуць разам, слухаючы адзін аднаго і Святога Духа. Папа адзначыў, што ў сінадальным Касцёле моладзь заклікана гаварыць ад імя сваіх аднагодкаў, чые галасы часта не чутны: бедных, самотных, бежанцаў, тых, каму цяжка інтэгравацца ў грамадства або атрымаць адукацыю.

У той жа час сінадальнасць – гэта выклік: яна заахвочвае жыць верай не ў ізаляцыі, а ў супольнасці. Папа папярэдзіў пра небяспеку веры, якая існуе толькі ў Інтэрнэце, без рэальнага ўдзелу ў жыцці Касцёла. Такая вера застаецца віртуальнай, без увасаблення ў рэальных жыццёвых сітуацыях і ўзаемаадносінах. Сінадальнасць вучыць пераадольваць унутраныя бар'еры, дзяліцца верай, любоўю і часам з іншымі, бо “ўсё становіцца лягчэйшым, калі рабіць гэта разам” (Christus Vivit, 164).

Місія

Сапраўдная сінадальнасць вядзе да місіі, бо ў яе аснове ляжыць дзеянне Святога Духа. Святы Дух заўсёды імкнецца навучыць нас праўдзе (пар. Ян 16:13), нагадвае словы Езуса (пар. Ян 14: 26) і робіць іх актуальнымі сёння. Такім чынам, Святы Дух накіроўвае нас да місіі, якая заключаецца ў тым, каб данесці Евангелле да кожнага чалавека, - сказаў Леў XIV.

Папа заклікаў маладых людзей быць адкрытымі сэрцам, слухаць Святога Духа і людзей, шукаць глыбокі сэнс жыцця, не баяцца новага, стаць узорамі творчасці і адвагі.

У завяршэнне Леў XIV падзякаваў маладым людзям за іх уклад у місію Касцёла і за тое, што яны надаюць яму новую энергію і імпульс. Ён нагадаў, што дзякуючы моладзі Касцёл заўсёды застаецца маладым. “Будзьце ўпэўненыя, што ваш голас пачуты і да яго ставяцца сур'ёзна”, - запэўніў моладзь Святы Айцец.

31 кастрычніка 2025, 11:40