Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Леў XIV: малітва стварае сувязь, мацнейшую за смерць

Пра важнасць перажывання цяжкіх жыццёвых момантаў у еднасці з Богам, які заўсёды падтрымлівае нас сваёй ласкай, нагадаў Леў XIV, адказваючы на ліст бацькі чатырох дзяцей, адзін з якіх – Даменіка Марыя – заўчасна памёр ва ўзросце ўсяго дванаццаці гадоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Прайшло амаль васямнаццаць гадоў з таго часу, як ён памёр ад раптоўнай і разбуральнай хваробы, але здаецца, што гэта было ўчора. Ён быў хлопчыкам з вялікімі надзеямі – як у школе, так і ў футболе, у які гуляў з маленства”, - напісаў мужчына ў рэдакцыю ватыканскага часопіса “Piazza San Pietro”, дзелячыся болем ад страты свайго першароднага сына Даменіка Марыі.

Леў XIV адказаў яму на старонках кастрычніцкага нумара выдання. “Мы спадзяёмся, што Даменіка Марыя знаходзіцца ў раі разам з Езусам і Маці Божай і заступаецца за сваю сям’ю”, - заўважыў Пантыфік, заклікаўшы працягваць маліцца за памерлага сына і разам з ім, бо сапраўдная малітва стварае сувязі, мацнейшыя за смерць.

“Важна заўсёды заставацца з’яднанымі з Панам і пераносіць самыя цяжкія пакуты з дапамогай Яго ласкі, якая заўсёды нам даецца – нават у самыя цёмныя хвіліны жыцця. Будзьце ўпэўненыя ў гэтым”, - дадаў Пантыфік.

Леў XIV адзначыў, што сведчанне веры і надзеі Франчэска і яго сям’і з’яўляецца вялікім прыкладам для многіх бацькоў, якім цяжка ўзняцца з-пад цяжару бязмежнага болю ад страты дзіцяці. Напрыканцы ліста Папа падкрэсліў, што апошняе слова ніколі не належыць смерці, а ўваскрасенню, якое адчыняе брамы вечнасці.
 

18 кастрычніка 2025, 09:50