Легат Папы ў Гданьску: сям'я – крэпасць веры і народа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Апублікаваны папскі ліст з нагоды 100-годдзя Гданьскай архідыяцэзіі. Ён адрасаваны чэшскаму кардыналу Дамініку Дуку, якога Леў XIV раней прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці, што пройдуць 14 кастрычніка 2025 года. У пасланні Пантыфік разважае над драматычнай гісторыяй гэтай зямлі, якая сфарміравала ў польскім народзе пачуццё свабоды і салідарнасці.
Галоўную задачу свайго легата Святы Айцец бачыць у тым, каб нагадаць вернікам пра “неабходнасць абвяшчэння Евангелля і перадачы хрысціянскага духа, асабліва ў хатнім асяроддзі”.
Папа перакананы, што “сям'я павінна быць моцнай Богам, і такім чынам з дня ў дзень будзе ўзрастаць моц усяго народа”. Гэтую місію па абароне веры ў сям’і ён параўноўвае з абаронай Вестэрплатэ – сімвалам, зразумелым і для сучасных пакаленняў у Польшчы.
На заканчэнне Леў XIV заклікае ўсіх удзельнікаў юбілею ў гэты Святы Год даваць сведчанне веры, надзеі, любові і “шчырай салідарнасці, у якой адзін носіць цяжар другога, выконваючы такім чынам закон Хрыстовы”.
