Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV заклікаў Касцёл у Італіі да блізкасці і клопату

Леў XIV заклікаў Касцёл у Італіі да блізкасці з людзьмі, асабліва ў свеце працы, і да евангелізацыйнага абуджэння перад абліччам выклікаў сучаснасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11 кастрычніка 2025 года Папа сустрэўся на Плошчы Святога Пятра з удзельнікамі юбілейнай пілігрымкі з дыяцэзій Тасканы, а таксама з рэгіёнаў Марке і Абруца. У сваёй прамове Пантыфік засяродзіўся на неабходнасці абнаўлення евангельскага запалу і супольнага пошуку новых душпастырскіх шляхоў ва ўмовах сучасных выклікаў.

Папа закрануў балючыя пытанні Касцёла ў Італіі: зніжэнне пакліканняў, роля свецкіх і складаны працэс аб’яднання дыяцэзій

Святы Айцец падкрэсліў, што пілігрымка з’яўляецца добрай нагодай для ўмацавання веры і выяўлення супольнага і касцельнага вымярэння хрысціянскага жыцця. Ён заклікаў вернікаў адчуваць сябе "адзінай сям’ёй Божых дзяцей па-за ўстаноўленымі межамі, перамагаючы спакусу замкнёнай ідэнтычнасці".

Звяртаючыся да праблем, з якімі сутыкаюцца мясцовыя касцельныя супольнасці, Леў XIV назваў зніжэнне колькасці пакліканняў да святарства, недастатковы ўдзел свецкіх у жыцці Касцёла і неабходнасць новых падыходаў у катэхезе.

Пантыфік таксама згадаў працэс аб'яднання дыяцэзій, які адбываецца ў некаторых рэгіёнах Італіі, і заклікаў да "сапраўднага сінадальнага практыкавання", каб спакойна і адкрыта ацаніць магчымасці і цяжкасці гэтага шляху.

Ад унутраных рэформ – да сацыяльнага вымярэння. Пантыфік скіраваў адмысловы заклік да Касцёла ў Таскане: быць побач з чалавекам працы

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на рэгіён Таскана, багаты на культурную і хрысціянскую спадчыну. Ён перасцярог ад таго, каб заставацца ў мінулым, і заклікаў смела глядзець на сучасныя праблемы, такія як "пэўны крызіс веры і рэлігійнай практыкі". Пантыфік заклікаў мясцовы Касцёл прыняць "стыль блізкасці", услухоўваючыся ў цяжкасці людзей, асабліва ў кантэксце эканамічнага крызісу, які закрануў свет працы.

Леў XIV нагадаў словы святога Паўла VI аб тым, што хрысціянская супольнасць павінна быць "братэрска і актыўна прысутнай" у свеце працы. Ён заклікаў Касцёл у Таскане быць "блізкім да свету працы, спагадлівым і ўцелаўлёным", каб абвяшчэнне Евангелля стала "канкрэтнай прысутнасцю суцяшэння і надзеі", а таксама прарочым словам, якое нагадвае пра важнасць гарантавання працы для ўсіх.

На заканчэнне сустрэчы Папа заклікаў вернікаў "не заставацца ў статычнасці", а ўзяць на сябе адказнасць за стварэнне вобліку Касцёла, "які мае на сэрцы жыццё людзей, асабліва самых бедных".
 

11 кастрычніка 2025, 11:34