Пантыфік: сям’я – ціхі спеў надзеі ў свеце, дзе шмат галечы і гвалту
Аляксандр Панчанка - Vatican News
19 верасня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў рымскай сустрэчы на тэму будучыні сям’і, арганізаванай Радай Біскупскіх канферэнцый Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM). Пантыфік прапанаваў сваім гасцям паразважаць над трыма словамі: Юбілей, надзея і сям’я.
Юбілей – нагода вярнуцца да Бога
“У Старым Запавеце Юбілей сімвалізаваў вяртанне: вяртанне да зямлі, да першапачатковага стану свабодных людзей, да вытокаў Божай справядлівасці і міласэрнасці. Сёння мы павінны інтэрпрэтаваць гэта вяртанне як заклік вярнуцца да цэнтра нашага жыцця – да самога Бога, да Бога Езуса Хрыста. Бо найбольш радыкальнай перыферыяй з’яўляецца не матэрыяльная беднасць і нават не сацыяльная ізаляцыя, а аддаленасць ад Бога. І менавіта гэта аддаленасць, грахоўная аддаленасць, сілкуе і падтрымлівае ўсе іншыя перыферыі: беднасць, гвалт, абыякавасць, адкіданне найбольш уразлівых”, - сказаў Папа.
Леў XIV адзначыў, што Юбілей надзеі заклікае выйсці з гэтых перыферый і вярнуцца да нашых каранёў: да веры, атрыманай ад бацькоў; да настойлівай малітвы нашых бабуль; да іх простага, пакорнага і сумленнага ладу жыцця, які падтрымлівае многія сем’і і супольнасці і з’яўляецца напамінам, што Езус Хрыстус – гэта дарога, праўда, жыццё і крыніца сапраўднай радасці.
Дбаць пра агульнае дабро з надзеяй на Пана
Святы Айцец падкрэсліў, што Юбілей надзеі – гэта шлях да сустрэчы з Праўдай, якой з’яўляецца сам Бог. У сувязі з гэтым ён пажадаў сваім гасцям умацавацца ў надзеі на Бога пры выкананні іх сацыяльнай дзейнасці, а не ставіць у аснову ўласныя сілы і мірскія чаканні; дбаць не пра ўласны дабрабыт, а пра агульнае дабро, згодна з Божай задумай.
Сям’я – ціхі гімн надзеі
Пантыфік адзначыў, што надзея можа распаўсюджвацца праз сям’ю, у кожным члене якой Бог давярае нам свайго Сына і Яго Маці, як калісьці святому Юзафу, каб мы разам з імі былі падмуркам, закваскай і сведчаннем Божай любові сярод людзей. Ён працытаваў Паўла VI, які падчас візіту ў Назарэт заклікаў браць прыклад са Святой Сям’і – падтрымліваць адзін аднаго ў цішыні, працы і малітве, каб Божы план любові мог здзяйсняцца ў жыцці кожнага.
У завяршэнні прамовы Святы Айцец пажадаў, каб хрысціянскія сем’і станавіліся ціхім спевам надзеі і сваім жыццём распаўсюджвалі святло Хрыста.
