Лампедуза: Леў XIV супраць "глабалізацыі бяссілля"
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасланне Льва XIV было падрыхтавана з нагоды прэзентацыі кандыдатуры праекта "Жэсты гасціннасці" для ўключэння ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Пантыфік пачаў сваё пасланне з прывітання на дыялекце Лампедузы "O'scià!", што азначае дыханне, подых. Ён нагадаў, што гэта было таксама прывітанне Папы Францішка, калі той наведаў востраў у сваім першым апостальскім падарожжы ў 2013 годзе.
Святы Айцец, спасылаючыся на біблейскае значэнне слова "дыханне", якое перакладаецца як "дух", падзякаваў супольнасці Лампедузы за дух гасціннасці, які яна праяўляе на працягу дзесяцігоддзяў у адносінах да мігрантаў.
"Маё 'дзякуй', якое з'яўляецца 'дзякуй' усяго Касцёла за вашае сведчанне, працягвае і аднаўляе тое, што сказаў Папа Францішак. 'Дзякуй' аб'яднанням, валанцёрам, мэрам і ўладам, якія змяняліся з цягам часу; 'дзякуй' святарам, урачам, праваахоўным службам і ўсім, хто часта нябачна паказваў і паказвае ўсмешку і клопат чалавечага аблічча тым, хто перажыў сваё адчайнае падарожжа надзеі", - сцвердзіў Леў XIV.
Святы Айцец нагадаў, што многія асобы, якія спрабавалі трапіць у Еўропу праз гэтыя вароты, былі пахаваны на Лампедузе, бо не перажылі марское падарожжа.
"Шмат ахвяр – а сярод іх столькі маці і столькі дзяцей! – з глыбінь нашага Мора заклікаюць не толькі да неба, але і да нашых сэрцаў. Шмат братоў і сясцёр мігрантаў былі пахаваны на Лампедузе і спачываюць у зямлі як зерне, з якога павінен вырасці новы свет", - адзначыў Папа.
"Вы з'яўляецеся бастыёнам таго чалавецтва, якое спрабуюць падарваць крыклівыя аргументы, спрадвечныя страхі і несправядлівыя рашэнні. Няма справядлівасці без спачування, няма законнасці без уважлівага стаўлення да болю іншых", - падкрэсліў ён.
Леў XIV заклікаў, каб ахвярнасць жыхароў Лампедузы на карысць іншых не знікла. Ён запрасіў змагацца з глабалізацыяй абыякавасці, да чаго заахвочваў таксама яго папярэднік.
"Так як Папа Францішак супрацьпаставіў глабалізацыі абыякавасці культуру сустрэчы, так я хацеў бы, каб мы сёння разам пачалі супрацьпастаўляць глабалізацыі бяссілля культуру паяднання. Паяднанне – гэта асаблівы спосаб сустрэчы. Сёння мы павінны сустрэцца, лечачы нашы раны, даруючы адзін аднаму зло, якое мы ўчынілі, і тое, якога мы не ўчынілі, але наступствы якога мы нясём", - напісаў Леў XIV.
