Папскія цэлебрацыі: каляндар на завяршэнне Юбілейнага года
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дакумент, падпісаны 30 верасня 2025 года арцыбіскупам Дыега Равэлі, Майстрам папскіх літургічных цэлебрацый, ахоплівае важны перыяд, які ўключае ў сябе завяршальныя падзеі Юбілейнага 2025 года.
У лістападзе – абвяшчэнне новага Доктара Касцёла і малітва за памерлага Папу Францішка.
Лістапад будзе адзначаны шэрагам значных падзей. 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, Леў XIV узначаліць на Плошчы Святога Пятра Імшу, падчас якой абвесціць святога Джона Генры Ньюмэна Доктарам Касцёла. Гэты дзень таксама будзе звязаны з Юбілеем Свету Адукацыі.
3 лістапада ў ватыканскай базіліцы Святы Айцец будзе маліцца за свайго папярэдніка, спачылага Папу Францішка, а таксама за кардыналаў і біскупаў, якія адышлі ў вечнасць на працягу года. У гэтым жа месяцы ён узначаліць Імшы з нагоды ўрачыстасці Пасвячэння Латэранскай Базілікі – 9 лістапада, Юбілею Бедных – 16 лістапада і ўрачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету, з удзелам хораў – 23 лістапада.
Адвэнт і Божае Нараджэнне: кульмінацыяй стане благаслаўленне “Urbi et Orbi” і Юбілей Вязняў
Снежань пачнецца з акту ўшанавання Беззаганнай Панны Марыі на Іспанскай плошчы ў Рыме 8 снежня. 12 снежня Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю ў Базіліцы Святога Пятра з нагоды ўспаміну Маці Божай Гвадэлупскай. У межах юбілейных падзей 14 снежня адбудзецца Імша для зняволеных.
Кульмінацыяй месяца стануць цэлебрацыі, звязаныя з Божым Нараджэннем: “Пастэрка” ў ватыканскай базіліцы ў 22.00 24 снежня, Імша 25 снежня і традыцыйнае благаслаўленне “Urbi et Orbi” апоўдні з цэнтральнай лоджыі Базілікі Святога Пятра. 31 снежня Леў XIV узначаліць першыя Нешпары ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі і гімн “Te Deum” у падзяку за 2025 год.
Студзень 2026 года: завяршэнне Юбілею і Сусветны дзень міру
Першы дзень новага, 2026 года, будзе прысвечаны малітве аб міры. Папа ўзначаліць Імшу ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, падчас якой будзе адзначацца 59-ы Сусветны дзень міру.
Галоўнай падзеяй першага месяца і завяршэннем усяго Юбілейнага года стане ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня. У гэты дзень Леў XIV урачыста закрые Святую Браму ватыканскай базілікі і ўзначаліць Эўхарыстыю, што будзе сімвалізаваць заканчэнне Юбілею 2025 года. Завяршаецца прадстаўлены каляндар папскіх набажэнстваў святам Хросту Пана, 11 студзеня 2026 года, калі ў Сікстынскай капэле Леў XIV удзеліць сакрамэнт хросту групе дзяцей.
