Леў XIV адкрые капітул Ордэна святога Аўгустына
Аляксандр Панчанка - Vatican News
188-ы генеральны капітул будзе працягвацца да 18 верасня. Дата яго адкрыцця супадае з гадавінай уступлення Папы Льва XIV у навіцыят аўгустынцаў у 1977 годзе. Пасяджэнні будуць праходзіць у Папскім патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум” у Рыме.
На капітуле збяруцца каля 100 законнікаў. 73 з іх – прадстаўнікі 46 краін і 41 юрысдыкцыі ордэна – будуць удзельнічаць з правам голаса. Разам яны будуць прадстаўляць каля 2340 аўгустынцаў, якія служаць у 395 супольнасцях у розных частках свету.
Задачай дэлегатаў будзе абранне новага генеральнага прыёра ордэна пасля 12-гадовага служэння на гэтай пасадзе айца Алехандра Маралы, які скончыў сваю другую кадэнцыю. Праграма капітула прадугледжвае таксама сесіі з удзелам кіраўнікоў аб’яднанняў жаночых і свецкіх супольнасцей аўгустынцаў, якія, аднак, не будуць мець права голасу пры прыняцці рашэнняў.
У 2013 годзе капітул Ордэна святога Аўгустына адкрываў у той жа самай базіліцы Папа Францішак. Пантыфік быў запрошаны айцом Робертам Прэвостам, які завяршаў служэнне на пасадзе генеральнага прыёра пасля дзвюх кадэнцый.
