Францішак: мір у сэрцы – умова для пераадолення канфліктаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
3 красавіка 2025 года Пантыфік скіраваў прывітальнае пасланне да ўдзельнікаў пілігрымкі ў Рым, арганізаванай у кантэксце Юбілейнага года міжнародным каардынацыйным органам харызматычных рухаў у Каталіцкім Касцёле “CHARIS”.
Святы Айцец падкрэсліў, што малітва за Божы народ і ўвесь свет, якую ўзносяць пілігрымы, сведчыць пра іх адкрытасць на шырокія гарызонты, што выяўляецца таксама ў прыняцці імі інтэнцый Папы, асабліва датычных пытанняў міру і прымірэння.
“Святы Дух, дар Уваскрослага Пана, стварае адзінства, гармонію, братэрства. Гэта і ёсць Касцёл – новае чалавецтва, якое прымірылася”, - падкрэсліў Францішак.
Пантыфік заклікаў адрасатаў паслання несці ў свет свой досвед удзелу ў Юбілеі, даючы сведчанне надзеі і міру. “Святы Дух можа падарыць сапраўдны мір сэрцу чалавека, а гэта ўмова для пераадолення канфліктаў у сем’ях, грамадстве і адносінах паміж краінамі. Таму заахвочваю вас быць сведкамі і майстрамі міру і еднасці, заўсёды імкнуцца да адзінства, пачынаючы з вашых груп і супольнасцей”, - напісаў ён.
Папа нагадаў членам харызматычных рухаў, што “прывязанасць да лідараў ніколі не павінна станавіцца прычынай канфліктаў” і заклікаў быць адкрытымі на супрацоўніцтва, асабліва з парафіяльнымі супольнасцямі.