Святы Айцец спаведнікам: ваша служэнне – неад’емнае
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў семінара для святароў і кандыдатаў у святарства, прысвечанага сакрамэнту споведзі. З 24 па 28 сакавіка 2025 года ён ужо ў 35-ы раз праходзіць у Рыме па ініцыятыве Апостальскай пэнітэнцыярыі.
Папа нагадаў, што літургічны перыяд, які папярэднічае Вялікадню – гэта час навяртання, пакаяння і прыняцця Божай міласэрнасці, а быць распарадчыкамі гэтай ласкі, асабліва ў Юбілейны год – гэта сапраўдны прывілей.
“Бог праз сваю ласку робіць нас служыцелямі Міласэрнасці – дару, які мы прымаем, бо самі былі і застаёмся першымі аб’ектамі Яго прабачэння”, - нагадаў Пантыфік.
Францішак заклікаў удзельнікаў семінара быць людзьмі малітвы. “Менавіта ў ёй знаходзяцца карані вашага служэння, праз якое працягваецца справа Езуса, які надалей і заўсёды паўтарае: ‘І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы’”, - напісаў Святы Айцец.
“Няхай ва ўсім Касцёле ў Юбілейны год гучыць гэта вызваляючае слова Пана, якое вядзе да абнаўлення сэрцаў, што вынікае з паяднання з Богам і адкрывае на новыя братэрскія адносіны. Таксама і мір, якога мы так прагнем, нараджаецца з Міласэрнасці, як і надзея, якая не падвядзе”, - дадаў Францішак. Ён нагадаў пра неад’емнасць служэння спаведнікаў і даверыў іх апецы Багародзіцы, просячы для іх любові і цярплівасці Хрыста.