Другая Сінадальная асамблея Касцёла ў Італіі Другая Сінадальная асамблея Касцёла ў Італіі   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа да Сінода Італіі: хрысціянская радасць – для ўсіх

Хрысціянская радасць не экслюзіўная, а заўсёды інклюзіўная, яна мае шырокія гарызонты, ёй спадарожнічае гасцінны стыль жыцця, - напісаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў Другой Сінадальнай асамблеі італьянскага Касцёла, якая праходзіць у Рыме з 31 сакавіка па 4 красавіка 2025 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім пасланні Святы Айцец прывітаў удзельнікаў заключнага этапу cінадальнага шляху, якім італьянскі Касцёл ішоў апошнія пяць гадоў. "Шмат ініцыятыў, шмат сустрэч, шмат добрых практык – усё гэта зыходзіць ад Святога Духа", які вядзе Касцёл “да ўсёй праўды (пар. Ян 16, 13), яднаючы яго ў супольнасці і служэнні, надзяляе яго рознымі іерархічнымі і харызматычнымі дарамі, накіроўвае яго і аздабляе сваімі пладамі” (Lumen gentium, 4).

Францішак нагадаў, што “хрысціянская радасць ніколі не з'яўляецца экслюзіўнай, але заўсёды інклюзіўнай, яна прызначана для ўсіх”. Яна рэалізуецца ў паўсядзённым жыцці і ў супольнасці. Яна мае шырокія гарызонты. Ёй спадарожнічае гасцінны стыль жыцця.

Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціянская радасць – гэта дар Божы, а не проста лёгкая весялосць. Яна не нараджаецца з камфортных рашэнняў праблем, яна не пазбягае крыжа, але вынікае з упэўненасці ў тым, што Пан ніколі не пакідае нас.

“Я сам перажыў гэта падчас лячэння ў шпіталі, адчуваю і цяпер, падчас рэабілітацыі. Хрысціянская радасць – гэта давер да Бога ў любой жыццёвай сітуацыі", - зазначыў Папа.

Падчас працы Сінадальнай асамблеі ўдзельнікі будуць галасаваць за "Прапановы", якія з'яўляюцца “вынікам усяго таго, што было абмеркавана да гэтага часу, і якія стануць ключавым момантам для будучыні Касцёла ў Італіі”, - напісаў Пантыфік. Ён заклікаў удзельнікаў кіравацца “творчай гармоніяй, якую стварае Святы Дух”. "Касцёл складаецца не з большасці ці меншасці, а са святога вернага народа Божага, які крочыць у гісторыі, асветлены Словам і Духам", - падкрэсліў Святы Айцец.

“Ідзіце наперад з радасцю і мудрасцю!” - благаславіў удзельнікаў Сінода Францішак, просячы працягваць маліцца за яго.

31 сакавіка 2025, 17:05