Клініка "Джэмэлі" Клініка "Джэмэлі" 

Францішак: стан стабільны, клінічная карціна застаецца складанай

Паводле апошняга медыцынскага бюлетэня, стан здароўя Святога Айца стабільны і назіраецца лёгкае паляпшэнне. Ён атрымлівае неабходнае лячэнне і прысвячае час малітве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11 сакавіка 2025 года Зала Друку Святога Пасада паведаміла, што Папа Францішак працягвае прызначаную тэрапію з кіслароднай падтрымкай праз насавыя канюлі з высокім патокам. Стан Пантыфіка стабільны з прыкметамі лёгкага паляпшэння, хоць медыкі адзначаюць, што клінічная карціна застаецца складанай.

Раніцай Папа атрымаў Святую Камунію. Ён адмовіўся ад візітаў, каб прысвяціць час малітве і духоўным практыкаванням для супрацоўнікаў Рымскай курыі, за якімі сачыў праз відэасувязь.

Наступны медыцынскі бюлетэнь будзе апублікаваны 12 сакавіка 2025 года ўвечары.

Таксама паведамляецца, што заўтра не будзе апублікаваны тэкст катэхезы, паколькі агульная аўдыенцыя не была запланавана з прычыны духоўных практыкаванняў.

Вернікі ва ўсім свеце працягваюць маліцца за хуткае аднаўленне здароўя Папы Францішка, які, нягледзячы на фізічныя выпрабаванні, застаецца духоўна актыўным праз малітву і Эўхарыстыю.
 

11 сакавіка 2025, 19:53