Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Allegro ma non tanto
Расклад Падкасты

Папа ў Папяльцовую сераду: звярнуцца ўсім сэрцам да Бога

Прымірыцца з Богам, зрабіць яго цэнтрам нашага жыцця і рушыць наперад да надзеі, заклікаў Францішак вернікаў у Папяльцовую сераду, 5 сакавіка 2025 года. У гэты дзень у Рыме прайшло традыцыйнае "стацыйнае" набажэнства з нагоды пачатку Вялікага посту. Яго ўзначаліў папскі дэлегат, кардынал Анджэла Дэ Данаціс.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Стацыйная” літургія прайшла на Авенціне – адным з рымскіх пагоркаў, дзе размешчаны старажытныя хрысціянскія храмы. Працэсія працягнулася ад касцёла святога Анзэльма да базілікі святой Сабіны, дзе прайшла святая Імша з абрадам благаслаўлення і пасыпання галоў попелам.

Гамілію ад імя Святога Айца, які знаходзіцца ў шпіталі, прачытаў Вялікі Пенітэнцыярый, кардынал Дэ Данаціс. У ёй нагадвалася аб тым, што попел – гэта знак таго, хто мы ёсць, але таксама і надзея на тое, кім будзем. Попел нагадвае нам аб тым, што мы прах, але і нясе надзею, таму што Езус памёр і ўваскрос, адарыўшы нас надзеяй на Бога. Такім чынам, Вялікі пост – гэта шлях, які вядзе нас да Вялікадня, балансуючы паміж усведамленнем нашай слабасці і надзеяй на тое, што напрыканцы шляху нас чакае Уваскрослы.

Прымаючы попел, мы схіляем галовы, каб зазірнуць ўнутр сябе і нагадаць пра мімалётнасць нашага жыцця: мы прах, з праху былі створаны, і ў прах вернемся. Чалавечая прырода слабая: хваробы, стомленасць, пакуты, страхі і няўдачы паказваюць наколькі ўразлівыя мы і нашы сем'і. Мы таксама адчуваем нашу няўпэўненасць і бездапаможнасць перад абліччам несправядлівасці, прадузятасці, гвалту, эксплуатацыі рэсурсаў Зямлі і войнаў паміж народамі. Нарэшце, попел нагадвае нам пра рэальнасць смерці, якую сучаснае грамадства імкнецца не заўважаць, але з якой мы павінны лічыцца.

Вялікі пост, аднак, таксама з'яўляецца запрашэннем адрадзіць у нас надзею. Ён заахвочвае нас узняць галовы да Хрыста, які паўстаў з бездані смерці. Ён прыняў нашу зямную прыроду, памёр за нас і прымірыў нас з Айцом. Як кажа апостал Павел: “Таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас” (2 Кар 5:21).

Гэтая надзея надае сэнс нашаму жыццю. Без яе чалавеку было б наканавана пакутаваць ад смутку і роспачы, асабліва перад абліччам смерці. Гэтая надзея падтрымлівае нас у момант слабасці, дае ўпэўненасць у Божым прабачэнні. Як казаў Бэнэдыкт XVI, чалавек – гэта прах, і ў прах вернецца, але ў вачах Бога гэта каштоўны прах, таму што Бог стварыў чалавека для неўміручасці (Агульная аўдыенцыя, 17 лютага 2010 года).

З попелам на галаве рушым мы наперад да надзеі на Вялікдзень. “Давайце зноў зробім Бога цэнтрам нашага жыцця, каб памяць аб тым, хто мы ёсць – уразлівыя і смяротныя, як попел не ветры, – была, нарэшце, асвечана надзеяй Уваскрослага”, - заклікаў Папа. Арыентуючыся на Бога, мы становімся знакам надзеі для свету: дзякуючы міласціне мы вучымся дзяліцца, дзякуючы малітве адкрывацца на Бога, дзякуючы посту – разумець, што мы жывем не толькі для задавальнення патрэбаў, але прагнем любові і ісціны.

“З тых часоў, калі Пан прыйшоў у гэты свет, гісторыя Зямлі стала гісторыяй Неба. Бог і чалавек звязаны адным лёсам. Ён змые з нас попел смерці, каб дазволіць нам заззяць новым жыццём. З гэтай надзеяй у сэрцы давайце пачнём наш шлях. І прымірымся з Богам”, - заклікаў Папа Францішак.

05 сакавіка 2025, 20:49
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930