Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Natalya Lys - stock.adobe.com)

Папа: справядлівае грамадства не знішчае тых, хто не мае голасу

Жыццё – святое, яно створана Богам для вялікага і прыгожага лёсу. Справядлівае грамадства не будуецца на забойстве непажаданых ненароджаных дзяцей, пажылых, якія не могуць жыць самастойна, або невылечна хворых, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак, шпіталізаваны ў рымскай клініцы Джэмэлі, скіраваў пасланне да ўдзельнікаў пілігрымкі ў Рым італьянскага Руху ў абарону жыцця, прымеркаванай да 50-годдзя гэтага аб’яднання. Зварот Святога Айца, падчас Імшы, якая 8 сакавіка 2025 года прайшла ў ватыканскай Базіліцы Святога Пятра, зачытаў яго бліжэйшы супрацоўнік, кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Пантыфік адзначыў каштоўнае служэнне Руху на карысць Касцёла і ўсяго грамадства праз дапамогу маці, якія перажываюць складаную або непажаданую цяжарнасць, і прасоўванне культуры жыцця.

“За гэтыя паўстагоддзя, хоць некаторыя ідэалагічныя забабоны аслаблі, а сярод моладзі ўзрасла адчувальнасць да клопату пра стварэнне, на жаль, у свеце распаўсюдзілася культура адчужэння. Таму патрэба ў людзях розных узростаў, якія цалкам прысвячаюць сябе служэнню чалавечаму жыццю, застаецца як ніколі тэрміновай. Жыццё – святое, створанае Богам для вялікага і прыгожага лёсу. Справядлівае грамадства не можа будавацца на знішчэнні ненароджаных дзяцей, пажылых, якія не могуць жыць самастойна, ці невылечна хворых”, - падкрэсліў Папа.

“Вы прыбылі з розных куткоў Італіі, каб яшчэ раз аднавіць вашу прыхільнасць цывілізацыі любові, з усведамленнем таго, што вызваленне жанчын ад абставінаў, якія падштурхоўваюць іх адмовіцца ад нараджэння дзіцяці – гэта ўмова абнаўлення грамадзянскай супольнасці”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што сучаснае грамадства падзяляе людзей паводле дастатку, прафесіі, вытворчых здольнасцей ці прэзентабельнасці. “Ваша дзейнасць, у гармоніі з місіяй усяго Касцёла, указвае на іншую задуму – тую, што ставіць у цэнтр годнасць чалавека і аддае перавагу найбольш слабым. Зачатае дзіця дасканала ўвасабляе чалавека, які не лічыцца важным, які не мае голасу. Стаць на яго бок – значыць быць салідарнымі з усімі адчужанымі свету”, - напісаў Папа.

Францішак заклікаў давяраць жанчынам, іх здольнасці прымаць, нараджаць і быць мужнымі. “Жанчыны павінны разлічваць на падтрымку ўсёй грамадзянскай і касцельнай супольнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец, выказаўшы падзяку абаронцам жыцця за “старонкі надзеі і ласкавасці”, якія яны дапамагаюць “пісаць у кнізе гісторыі” і якія ўжо прынеслі і яшчэ прынясуць шматлікія плёны.
 

08 сакавіка 2025, 11:39