Пантыфік заклікае да міру ў пасляслоўі да кнігі "Іерусалім"
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кніга вядомага французскага пісьменніка Эрык-Эмануэля Шміта, аўтара рамана "Спадар Ібрагім і кветкі Карана", выходзіць у свет 12 сакавіка 2025 года. Як паведамляе “Kathpress”, гэта 200-старонкавае выданне, у якім Шміт распавядае пра сваю паездку да вытокаў сусветных рэлігій. Пісьменнік, які прыйшоў да хрысціянскай веры ўжо ў дарослым узросце, атрымаў запрашэнне на гэтае падарожжа ад Святога Пасада, а пасляслоўе да кнігі, якая выходзіць у Святы 2025 год, напісаў Францішак.
"Іерусалім" уяўляе сабой спалучэнне класічнага падарожнага нарыса і духоўных уражанняў. "У прынцыпе, існуюць два спосабы асэнсаваць падарожжа ў Ізраіль і Палесціну, два спосабы, якія ў роўнай ступені законныя, - піша ў заключэнні сваёй кнігі 64-гадовы аўтар эльзаскага паходжання. - Некаторыя шукаюць свае карані ў зямлі. Я знайшоў іх на небе". Шміт распавядае, што ў Бэтлееме, Назарэце і Кесарыі ён перажыў уражлівае адчуванне, як біблейскія аповеды ажываюць, а ў Іерусаліме фізічна адчуў блізкасць Езуса Хрыста.
"Дарагі Эрык-Эмануэль, дарагі брат", - так пачынае Францішак сваё пасляслоўе, якое датуецца лютым 2023 года, за шэсць месяцаў да нападу Хамас на Ізраіль. Святы Айцец адзначае, што Святая Зямля дапамагае людзям зразумець, "што хрысціянства – гэта не тэорыя ці ідэалогія, а досвед гістарычнай падзеі". "Бог стаў чалавекам у асобе Езуса з Назарэта, каб абвясціць нам, што Яго Валадарства блізка. Вы выразна сказалі гэта на прыкладзе Крыжовага шляху: 'Чалавечнасць майго Бога – не падман'", - цытуе Пантыфік пісьменніка.
Паводле слоў Папы, Іерусалім з яго вялікімі рэлігійнымі традыцыямі юдэяў, хрысціян і мусульман заклікае да "чалавечага братэрства". Вернікі пакліканы "быць братамі і будаўнікамі мастоў, а не ворагамі і падбухторшчыкамі войнаў", піша ён. "Наша пакліканне – братэрства, бо мы дзеці аднаго і таго ж Бога, - працягвае Папа. - Толькі калі мы ўсведамляем гэта, мы можам пабудаваць магчымую будучыню, прымусіўшы замаўчаць зброю знішчэння і нянавісці і распаўсюджваючы па ўсім свеце салодкі водар міру, які Бог няспынна дорыць нам".
Кніга Эрык-Эмануэля Шміта "Іерусалім. Мая сустрэча са Святой Зямлёй" (Jerusalem. Meine Begegnung mit dem Heiligen Land), якая выйшла ў выдавецтве C.Bertelsmann у Мюнхене, мае 224 старонкі і каштуе 22,70 еўра. Пераклад з французкай мовы выканаў Міхаэль фон Кіліш-Хорн.