Імша ў Эшторыле напярэдадні Сусветных дзён моладзі 2023 Імша ў Эшторыле напярэдадні Сусветных дзён моладзі 2023  (ANSA)

Папскае пасланне на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях

Святы Айцец скіраваў пасланне на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, у якім заахвоціў маладых людзей стаць "пілігрымамі надзеі" і шчодра ахвяраваць сваё жыццё ў служэнні Богу і бліжнім.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім пасланні Францішак падкрэслівае, што пакліканне – гэта каштоўны дар, які Бог сее ў сэрцах. Гэта заклік выйсці за межы сябе, каб распачаць шлях любові і служэння. Папа адзначае, што кожнае пакліканне ў Касцёле з'яўляецца знакам надзеі, якую Бог мае на свет і на кожнае са сваіх дзяцей.

“Ваша жыццё - гэта не "тым часам". Вы з'яўляецеся "цяпер" Бога”

Пантыфік звяртаецца да моладзі з заклікам усвядоміць, што дар жыцця патрабуе шчодрага і вернага адказу. Ён заахвочвае маладых людзей браць прыклад са святых і бласлаўлёных, якія з радасцю адказалі на заклік Пана.

"Кожнае пакліканне, адчутае ў глыбіні сэрца, дае пачатак адказу як унутранаму імпульсу да любові і служэння, як крыніцы надзеі і міласэрнасці, а не як пошуку самасцвярджэння", - падкрэслівае Папа.

“Будзьце пілігрымамі надзеі на шляху Евангелля”

Святы Айцец заклікае моладзь быць пілігрымамі надзеі, адважнымі ў прысвячэнні свайго жыцця Хрысту, поўнымі радасці ад таго, што з'яўляюцца Яго вучнямі-місіянерамі. Ён таксама заахвочвае маладых людзей да распазнання свайго паклікання праз малітву і разважанне.

"Свет мае патрэбу ў маладых людзях, якія з'яўляюцца пілігрымамі надзеі, адважнымі ў прысвячэнні свайго жыцця Хрысту, поўнымі радасці ад таго, што з'яўляюцца Яго вучнямі-місіянерамі"

“Суправаджайце маладых на шляху распазнання паклікання”

Францішак падкрэслівае важнасць суправаджэння маладых людзей на іх шляху распазнання паклікання. Ён заклікае душпастырскіх работнікаў і духоўных кіраўнікоў быць для моладзі людзьмі, здольнымі слухаць і з павагай прымаць, мудрымі правадырамі, гатовымі дапамагчы і ўважлівымі да распазнання знакаў Бога на іх шляху.

У заключэнні свайго паслання Святы Айцец заклікае ўсіх маліцца аб новых работніках для Божай нівы, з упэўненасцю, што Пан працягвае заклікаць з любоўю. Ён даручае маладых людзей заступніцтву Марыі, Маці Касцёла і пакліканняў, і благаслаўляе іх на шляху Евангелля.
 

19 сакавіка 2025, 12:03