Уваход у начны клуб "Pulse" у Качані Уваход у начны клуб "Pulse" у Качані  (ANSA)

Францішак моліцца за ахвяр пажару ў Паўночнай Македоніі

Папа выказаў глыбокія спачуванні і запэўніў у “духоўнай падтрымцы параненых” у выніку трагічнага пажару, які адбыўся ў начным клубе ў горадзе Качані ў Паўночнай Македонія. У трагедыі загінулі прынамсі 59 чалавек, яшчэ 155 пацярпелі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец “памятае ў малітвах пра тых, хто загінуў”, і просіць “нябеснай падтрымкі для тых, хто пакутуе ад наступстваў” гэтага цяжкага выпрабавання, - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна, скіраванай на імя арцыбіскупа Скоп’е Кіра Стаянава.

Пажар адбыўся каля 2.30 па мясцовым часе, калі на канцэрце ў папулярным начным клубе “Pulse” знаходзілася каля 1500 чалавек. Паводле папярэдніх звестак, узгаранне было выклікана піратэхнікай, якая выкарыстоўвалася на сцэне. Большасць загінулых – маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 27 гадоў.
 

16 сакавіка 2025, 17:41