12 гадоў служэння: Матарэла дзякуе Францішку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
19 сакавіка 2025 года прэзідэнт Італіі накіраваў Францішку віншавальнае пасланне ў гадавіну пачатку яго пантыфікату. Матарэла выказаў удзячнасць Святому Айцу за яго служэнне на працягу апошніх дванаццаці гадоў. "Разам са мной італьянскі народ удзячны Вам за гэтыя дванаццаць гадоў, на працягу якіх Вы далі самае сапраўднае сведчанне евангельскіх каштоўнасцей", - напісаў ён.
Прэзідэнт Італіі адзначыў, што служэнне Папы не абмяжоўваецца толькі Каталіцкім Касцёлам, але распаўсюджваецца на ўсё чалавецтва. Ён асабліва падкрэсліў значэнне энцыклікі "Dilexit nos", у якой гучыць заклік да кожнага чалавека пераадолець межы асабістай выгады і прызнаць сувязь з іншымі людзьмі праз чалавечае братэрства.
"У той час як на міжнародным узроўні, здаецца, слабеюць прынцыпы права і правільнай арганізацыі суіснавання паміж дзяржавамі, Ваш голас застаецца як ніколі неабходным", - падкрэсліў Матарэла.
Лідар італьянскай дзяржавы таксама адзначыў удзел Францішка ў важных міжнародных форумах, такіх як Канферэнцыя бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату, саміт G7 пад старшынствам Італіі і G20. На гэтых сустрэчах Святы Айцец заклікаў да адкрыцця надзеі, адмовы ад логікі сілы і дамінавання, а таксама да этычнага выкарыстання новых тэхналогій.
Матарэла выказаў удзячнасць Папу за адкрыццё Святой Брамы ў рымскай турме “Рэбібія” ў пачатку Юбілейнага 2025 года і рашэнне аб кананізацыі Карла Акуціса і П'ерджорджа Фрасаці, якія з'яўляюцца ўлюбёнымі постацямі для моладзі.
У заключэнне прэзідэнт Італіі пажадаў Францішку дабрабыту ў працягу яго пантыфікату і хуткага выздараўлення.