На Імшы ў гонар Юбілею валанцёрства на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. На Імшы ў гонар Юбілею валанцёрства на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.   (AFP or licensors)

Францішак: валанцёры вырошчваюць парасткі новага чалавецтва

Падчас гаміліі на Імшы з нагоды Юбілею свету валанцёрства 9 сакавіка 2025 года Папа заклікаў вернікаў ісці за Хрыстом праз пустыню Вялікага посту, пераадольваючы спакусы. Тэкст быў прачытаны кардыналам Майклам Чэрны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Калі Езус уваходзіць у пустыню, адбываецца рашучая змена: месца цішыні становіцца асяроддзем слухання", - адзначыў Францішак. Ён дадаў, што гэта слуханне падвяргаецца выпрабаванню, бо трэба выбраць, каго слухаць з двух зусім супрацьлеглых галасоў.

Святы Айцец звярнуў увагу на тры аспекты спакусы Езуса і нашай: пачатак, спосаб і вынік. Ён падкрэсліў, што Збаўца свядома ўвайшоў у пустыню, паслухмяна накіроўваючыся за Духам Святым. "Пан ідзе ў пустыню не з прычыны смеласці, каб паказаць, наколькі Ён моцны, але з сыноўскай адданасцю Духу Айца, чыё кіраўніцтва Ён хутка прымае", - растлумачыў Пантыфік.

У той жа час, нашы спакусы часта застаюць нас знянацку. "Зло папярэднічае нашай свабодзе, псуе яе інтымна як унутраны цень і пастаянная пастка", - звярнуў увагу Святы Айцец.

Кардынал Чэрны ўзначаліў Імшу ў рамках Юбілею валанцёрства
Кардынал Чэрны ўзначаліў Імшу ў рамках Юбілею валанцёрства   (AFP or licensors)

Пантыфік выказаў удзячнасць валанцёрам, якія прыбылі ў Рым на юбілейнае паломніцтва. "Я вельмі ўдзячны вам, дарагія, бо па прыкладзе Езуса вы служыце бліжняму, не выкарыстоўваючы яго", - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што іх самаадданасць уліваецца надзеяй ва ўсё грамадства.

"У пустынях убоства і адзіноты столькі малых жэстаў бескарыслівага служэння дазваляюць расквітнець парасткам новага чалавецтва: гэта той сад, пра які марыў і працягвае марыць для ўсіх нас Бог", - заключыў Францішак.

Такім чынам, Пантыфік заклікаў вернікаў распачаць Вялікі пост, ідучы за Хрыстом праз пустыню і пераадольваючы спакусы з Яго дапамогай. Ён таксама натхніў валанцёраў працягваць свае намаганні, падкрэсліваючы важнасць бескарыслівага служэння ў сучасным свеце.
 

09 сакавіка 2025, 11:05