Прэм’ер-міністр Славакіі здзейсніў візіт у Ватыкан
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сустрэча Папы і славацкага лідара адбылася ў ватыканскім Доме святога Марты. Яна працягвалася паўгадзіны. Па завяршэнні прыватнай размовы бакі, згодна з традыцыяй, абмяняліся падарункамі.
Пантыфік уручыў свайму госцю тэракотавую скульптуру Пяшчота і любоў, некалькі выданняў сваіх дакументаў, а таксама фотаальбом Пераследаваныя за праўду: украінскія грэка-католікі за жалезнай заслонай, які з’яўляецца плёнам супрацоўніцтва паміж Ватыканскім выдавецтвам і Інстытутам гісторыі Украінскага каталіцкага ўніверсітэта. Славацкі палітык падарыў Папу бронзавую скульптуру святых Кірыла і Мятода і карціну на дрэве з выявай анёла-ахоўніка. Сярод членаў афіцыйнай дэлегацыі была 83-гадовая маці Роберта Фіца.
У ходзе перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце бакі далі высокую ацэнку моцным двухбаковым адносінам і падкрэслілі сваю прыхільнасць грамадскай згуртаванасці. У гэтым кантэксце асаблівая ўвага надавалася пытанням антрапалогіі, сям’і і адукацыі.
“Акрамя таго, была разгледжана міжнародная абстаноўка, з акцэнтам на ўстойлівую нестабільнасць ва Украіне і перспектывы міру, а таксама на далікатнае перамір’е ў Ізраілі і Палесціне і на сур’ёзную гуманітарную катастрофу ў сектары Газа”, - паведаміла ў афіцыйным камюніке Зала Друку Апостальскай Сталіцы.