Міжнародная канферэнцыя CEPROME ў Перу Міжнародная канферэнцыя CEPROME ў Перу 

Францішак: ШІ не павінен стаць прыкрыццём для злачынцаў

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў IV Лацінаамерыканскага кангрэса Цэнтра па абароне непаўналетніх (Centro de Protección de Menores), папярэджваючы, што штучны інтэлект можа спрыяць стварэнню шкодных матэрыялаў і ўскладняць абарону ахвяр насілля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, які праходзіць з 25 па 27 лютага 2025 года ў Ліме (Перу), Францішак падкрэсліў неабходнасць адказнага стаўлення да выкарыстання новых тэхналогій, выказваючы глыбокую занепакоенасць іх патэнцыяльным уплывам на справу абароны непаўналетніх ад сексуальнага насілля.

Машына выконвае нашы загады

"Машына выконвае нашы загады, рэалізуе іх, не прымаючы самастойных рашэнняў, а толькі дзейнічаючы згодна з зададзенай праграмай," - падкрэсліў Пантыфік у сваім пасланні, якое было зачытана апостальскім нунцыем у Перу, арцыбіскупам Паола Рока Гуальцьеры. Святы Айцец выказаў занепакоенасць тым, што інтэрнэт і штучны інтэлект ствараюць ілюзію беспакаранасці, паколькі людзі лічаць, што могуць пазбегнуць адказнасці за свае дзеянні ў кіберпрасторы.

Папа адзначыў, што штучны інтэлект узмацняе гэтае пачуццё беспакаранасці не толькі праз прагляд, збор ці распаўсюджванне недапушчальных матэрыялаў, але і праз стварэнне сінтэтычнага кантэнту, складзенага з ужо існуючых у кіберпрасторы матэрыялаў.

Выкрыць хлусню схаваўшыся за тэхналогіямі

"Выкрыць хлусню схаваўшыся за тэхналогіямі, каб вызваліць нашу свядомасць," - заклікаў Францішак, пералічваючы шкоду, якую можа нанесці злоўжыванне штучным інтэлектам: "Шкода тым, хто, бачачы створанае намі, хоча гэта пераймаць; шкода з прычыны велізарнага патоку недарэчных матэрыялаў, якія забруджваюць асяроддзе; шкода з прычыны цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца ўлады пры распазнаванні рэальных і сінтэтычных матэрыялаў для гарантавання бяспекі магчымых ахвяр".

Даць голас Богу і ахвярам

"Нам трэба даць голас Богу і ахвярам, якія малітоўна звяртаюцца да Яго, каб павысіць усведамленне зла, якое здзяйсняецца," - падкрэсліў Пантыфік, называючы гэта адной з фундаментальных задач у супрацьстаянні выклікам штучнага інтэлекту.

Па яго словах, адказнымі за бяспеку гэтых тэхналогій з'яўляюцца як тыя, хто іх выкарыстоўвае, так і тыя, хто іх распрацоўвае. Францішак заклікаў "звярнуцца да прыватных асоб, распрацоўшчыкаў тэхналогій і кампетэнтных органаў з патрабаваннем увесці дакладныя абмежаванні і выразныя, канкрэтна вымяральныя нормы, якія дазволяць эфектыўна пераследаваць шкоднае ці злачыннае выкарыстанне штучнага інтэлекту".

Кангрэс CEPROME, які мае назву Штучны інтэлект і сексуальнае насілле: новы выклік для прадухілення, быў арганізаваны сумесна з Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх. Удзел у трохдзённым мерапрыемстве бяруць міжнародныя эксперты, якія працавалі з ахвярамі насілля ў іх працэсе аздараўлення і пошуку справядлівасці.

Выклікі настолькі маштабныя, што імі нельга кіраваць аўтаномна

"Выклікі настолькі маштабныя, што імі нельга кіраваць аўтаномна, нібы мы з'яўляемся адзінокімі рэйнджарамі лічбавай абароны," - адзначыў арцыбіскуп Луіс Мануэль Алі Эрэра, сакратар Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, які выступіў на адкрыцці кангрэса. Ён падкрэсліў неабходнасць усталявання механізмаў міжнароднага і касцельнага супрацоўніцтва для абмену перадавым вопытам перад выклікамі штучнага інтэлекту.
 

26 лютага 2025, 09:35