Стан здароўя Папы паляпшаецца, але прагноз не вызначаны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Чатырнаццаць дзён таму Францішак быў шпіталізаваны ў клініку “Джэмэлі” з дыягназам двухбаковая пнеўманія, і ягоны стан працягвае выклікаць заклапочанасць. Паводле апошняга медыцынскага бюлетэня, апублікаванага 27 лютага 2025 года вечарам, хоць стан здароўя паляпшаецца, медыцынская каманда не гатовая выказваць канчатковы прагноз.
"З улікам складанасці клінічнай карціны, патрабуюцца дадатковыя дні клінічнай стабільнасці, каб вызначыць канчатковы прагноз", - паведамляецца ў бюлетэні, апублікаваным Залай Друку Святога Пасада.
Нягледзячы на ўсе складанасці, Францішак працягвае захоўваць свой распарадак. Раніца была прысвечана дыхальнай фізіятэрапіі, якая чаргавалася з адпачынкам, а ўжо днём, пасля дадатковай сесіі фізіятэрапіі, ён памаліўся ў капліцы прыватных апартаментаў на 10-м паверсе клінікі “Джэмэлі”, дзе прыняў Святую Камунію, пасля чаго прыступіў да вырашэння працоўных пытанняў.
Вернікі з усяго свету працягваюць маліцца за хуткае аднаўленне Святога Айца. Навіна пра стан здароўя Папы выклікала шырокі рэзананс у касцельнай супольнасці, і ў многіх дыяцэзіях і парафіях праводзяцца спецыяльныя малітоўныя набажэнствы за яго хуткае выздараўленне. Іерархі з розных краін таксама заклікаюць вернікаў яднацца ў малітве за Пантыфіка.