Стрыманасць і пакора ў літургіі: пасланне Папы з бальніцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак накіраваў пасланне ўдзельнікам другога па ліку Курса, арганізаванага Літургічным інстытутам Папскага атэнэума святога Анзэльма, са шпіталя "Джэмэлі". Святы Айцец выказаў задавальненне тым, што ўдзельнікі працягваюць вывучаць літургію не толькі ў тэалагічным аспекце, але і ў сферы цэлебратыўнай практыкі.
"Такое вымярэнне дакранаецца да жыцця Божага народа і адкрывае яму яго сапраўдную духоўную прыроду", - адзначыў Пантыфік, спасылаючыся на дагматычную Канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора "Lumen gentium".
Адказны за літургічныя цэлебрацыі – настаўнік на службе малітвы супольнасці
"Адказны за літургічныя цэлебрацыі не з'яўляецца выключна выкладчыкам тэалогіі; не з'яўляецца рубрыцыстам, які прымяняе нормы; не з'яўляецца сакрыстыянінам, які рыхтуе тое, што патрэбна для цэлебрацыі. Ён з'яўляецца настаўнікам, пастаўленым на службу малітве супольнасці", - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец указаў, што, пакорна навучаючы літургічнаму мастацтву, адказны за літургічныя цэлебрацыі павінен накіроўваць усіх, хто цэлебруе, адзначаючы рытуальны рытм і суправаджаючы вернікаў у сакрамэнтальнай падзеі.
Біскуп і катэдра – цэлебратыўныя ўзоры для пераймання
Францішак адзначыў, што адказны за літургічныя цэлебрацыі як містагог прадумвае кожную цэлебрацыю мудра, на карысць сходу; ператварае ў абрадавую практыку тэалагічныя прынцыпы, выражаныя ў літургічных кнігах; суправаджае і падтрымлівае біскупа ў ролі натхняльніка і захавальніка літургічнага жыцця.
"Кожная дыяцэзія глядзіць на біскупа і на катэдру як на цэлебратыўныя ўзоры для пераймання", - падкрэсліў Святы Айцец.
Клопат пра літургію – гэта клопат пра малітву
Заахвочваючы ўдзельнікаў курса прапаноўваць і спрыяць літургічнаму стылю, які выражае наследаванне Езуса, пазбягаючы непатрэбнай раскошы ці імкнення да асабістага выстаўлення сябе на першы план, Папа заклікаў іх выконваць сваё служэнне ў стрыманасці, "не хвалячыся вынікамі свайго служэння".
"У кожнай вашай пасадзе не забывайцеся, што клопат пра літургію – гэта перш за ўсё клопат пра малітву, гэта значыць, пра сустрэчу з Панам", - напісаў Пантыфік.
Літургія – кульмінацыя дзейнасці Касцёла
Спасылаючыся на словы першага рэктара Папскага Літургічнага інстытута, бэнэдыктынскага абата Сальваторэ Марсілі, Францішак падкрэсліў, што "ў святле Другога Ватыканскага Сабора сапраўдная душпастырская дзейнасць немагчымая без літургіі, таму што літургія – гэта кульмінацыя, да якой скіравана ўся дзейнасць Касцёла".
Заканчваючы сваё пасланне, Святы Айцец пажадаў кожнаму "заўсёды мець у сэрцы Божы народ", які яны суправаджаюць у кульце "з мудрасцю і любоўю".