Папа і прадстаўнікі карэнных народаў. Ілюстрацыйнае фота Папа і прадстаўнікі карэнных народаў. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: абараняць правы і самабытнасць карэнных народаў

Абарона правоў карэнных народаў – гэта не толькі справа справядлівасці, але і гарантыя ўстойлівай будучыні для ўсіх, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў форуму на тэму Права карэнных народаў на самавызначэнне: шлях да харчовай бяспекі і суверэнітэту, які 10-11 лютага 2025 года праходзіць у Рыме па ініцыятыве Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця.

Святы Айцец выказаў спадзяванне, што канферэнцыя дапаможа вызначыць прыярытэты, а таксама абмеркаваць праблемы і памкненні карэнных народаў. Ён нагадаў, што багатыя веды і лад жыцця гэтых супольнасцяў могуць даць надзею ўсяму чалавецтву.

“Абарона права на захаванне сваёй культуры і самабытнасці патрабуе не толькі прызнання каштоўнасці іх укладу ў грамадства, але і абароны іх існавання і прыродных рэсурсаў, неабходных для жыцця. Ім сур’ёзна пагражае рост з’явы прысваення іх зямель міжнароднымі карпарацыямі, буйнымі інвестарамі і дзяржавамі. Гэтыя практыкі наносяць сур’ёзную шкоду, ставячы пад пагрозу права супольнасцяў на годнае жыццё”, - папярэдзіў Францішак.

Папа нагадаў, што “зямля, вада і ежа не з’яўляюцца звычайнымі таварамі”, бо яны складаюць аснову жыцця і ўзаемаадносін людзей з прыродай. “Таму абарона правоў на іх з’яўляецца не толькі пытаннем справядлівасці, але і гарантыяй устойлівай будучыні для ўсіх”, - напісаў Пантыфік.
 

10 лютага 2025, 14:24