Пошук

Святы Айцец сустрэўся з дэлегацыяй албанскіх бекташы

Міжрэлігійны дыялог адыгрывае ўнікальную ролю ў стварэнні будучыні, заснаванай на справядлівасці і міры, - сказаў Папа ў звароце да дэлегацыі албанскіх бекташы, якіх 16 студзеня 2025 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак сардэчна прывітаў дэлегацыю на чале з Эдмандам Брахімаджам і выказаў удзячнасць Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу за арганізацыю сустрэчы. Кожны раз, калі рэлігійныя лідары сустракаюцца ў духу ўзаемнай павагі і супрацоўніцтва, узмацняецца надзея на лепшы і справядлівы свет, - адзначыў ён.

Папа падкрэсліў каштоўнасць цесных сувязяў паміж Каталіцкім Касцёлам, Албаніяй і супольнасцю бекташы. Ён выказаў упэўненасць у тым, што гэтыя адносіны будуць і далей умацоўвацца дзеля братэрства і мірнага суіснавання народаў. У цяжкія часы неабходна адмовіцца ад логікі гвалту і разладу на карысць логікі сустрэчы, сяброўства і пошуку агульнага дабра, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа прыгадаў шматлікія моманты ўзаемадзеяння Каталіцкага Касцёла і бекташскай супольнасці: малітву за мір на Балканах у 1993 годзе і Сусветны дзень малітвы за мір у Асізі ў 2011 годзе. Асабліва плённым часам блізкасці і сяброўства стала адкрыццё бекташскага храма ў Тыране ў 2015 годзе.

Францішак выказаў перакананне, што супольнасць бекташы разам з іншымі мусульманамі, хрысціянамі і вернікамі іншых рэлігій можа стаць мостам прымірэння і ўзаемнага ўзбагачэння як у Албаніі, так і паміж Усходам і Захадам.

Нягледзячы на сучасныя выклікі, міжрэлігійны дыялог адыгрывае ўнікальную ролю ў стварэнні будучыні, заснаванай на прымірэнні, справядлівасці і міры, якога так прагнуць народы, асабліва моладзь, - сказаў Папа.

Напрыканцы сустрэчы Францішак запэўніў гасцей у сваіх малітвах і благаславіў іх важную дзейнасць і ўвесь албанскі народ.

Заснаваная ў XIII стагоддзі, супольнасць бекташы пражывае сёння ў Турцыі, Албаніі, Паўночнай Македоніі і Босніі. Блізкая да шыізму, вера бекташы змяшчае некаторыя элементы хрысціянства. Бекташы святкуюць наўруз як дзень нараджэння прарока Алі, дазваляюць ужыванне віна і прапаведуюць талерантнасць і ўзаемную павагу.

16 студзеня 2025, 11:13