Пошук

Апостальскае падарожжа ў Ірак (сакавік 2021 года) Апостальскае падарожжа ў Ірак (сакавік 2021 года)  (AFP or licensors)

Святы Айцец: немагчыма ўявіць Ірак без хрысціян

Францішак напісаў прадмову да кнігі "Хрысціянская спадчына Ірака" нямецкага тэолага, археолага і журналіста Маціяса Копа. Выданне прасочвае гісторыю хрысціянства ў Іраку і падрабязна апісвае дыпламатычную дзейнасць Святога Пасада ў гэтай краіне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Манаграфія выйшла ў выдавецтве Herder на нямецкай мове. Яго аўтар – тэолаг і прэс-сакратар Канферэнцыі Біскупаў Германіі Маціяс Коп (Matthias Kopp). У снежні 2024 года Францішак прызначыў яго кансультантам Дыкастэрыі па камунікацыі. Папская прадмова была напісана па-італьянску і перакладзена на нямецкую мову для публікацыі.

У прадмове Пантыфік з удзячнасцю ўзгадаў сваю апостальскую паездку ў Ірак, якую ён здзейсніў у сакавіку 2021 года нягледзячы на пандэмію і перасцярогі аб небяспецы. Сваёй прысутнасцю ён імкнуўся выказаць салідарнасць хрысціянам і ўсім людзям добрай волі ў гэтай краіне. “Яны займаюць пастаяннае месца ў маім сэрцы і ў маіх малітвах”, - напісаў Францішак.

Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, з якімі сутыкаецца Ірак, Папа з надзеяй глядзіць на будучыню гэтай краіны, бо яна валодае незвычайным патэнцыялам. Гэты патэнцыял – людзі, якія ўдзельнічаюць у аднаўленні грамадзянскай супольнасці, прасоўваюць дэмакратыю і імкнуцца да дыялогу паміж рэлігіямі.

Святы Айцец адзначыў, што яго візіт да вялікага аяталы Алі Сістані павінен быў стаць сігналам усяму свету: насілле ў імя рэлігіі – гэта злоўжыванне рэлігіяй. У рэлігіі ёсць абавязак – жыць у міры, захоўваць яго і вучыць міру наступныя пакаленні. Папа таксама згадаў свой візіт у Ур на поўдні Ірака, дзе пад тымі ж зоркамі, што калісьці бачыў Абрам, разам маліліся і размаўлялі прадстаўнікі розных рэлігій.

З навуковага пункту гледжання спадчына тысячагадовай гісторыі хрысціянства амаль не даследавана, - напісаў Папа, маючы на ўвазе такія з’явы як “протахрысціянскія тэалагічныя школы Месапатаміі, стагоддзі мірнага суіснавання хрысціян і мусульман паміж Тыграм і Еўфратам, разнастайнасць каталіцкіх абрадаў у гэтым рэгіёне, барацьбу паміж хрысціянскімі канфесіямі, пераслед хрысціян у пачатку ХХ стагоддзя, палітычныя рэпрэсіі і бесперапынную прысутнасць хрысціян да нашых дзён”.

Святы Айцец выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што аўтар кнігі падрабязна і глыбока даследуе хрысціянскую спадчыну і гісторыю Ірака, а таксама ролю Апостальскай Сталіцы і клопат Рымскіх Пантыфікаў пра мясцовых хрысціян. Гэта асабліва важна ва ўмовах эміграцыі і палітычнай нестабільнасці, якія пагражаюць будучыні хрысціянскай супольнасці ў гэтым рэгіёне.

Напрыканцы прадмовы Папа падкрэсліў, што Ірак без хрысціян “немагчыма ўявіць”, бо разам з іншымі вернікамі яны ствараюць унікальную ідэнтычнасць краіны, якая з першых стагоддзяў была краем суіснавання і талерантнасці. “Няхай Іраку і яго народу будзе дадзена паказаць Блізкаму Усходу і ўсяму свету, што мірнае суіснаванне магчымае нягледзячы на ўсе адрозненні”, - пажадаў Францішак.

Вокладка кнігі "Хрысціянская спадчына Ірака" Маціяса Копа
Вокладка кнігі "Хрысціянская спадчына Ірака" Маціяса Копа

Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui

28 студзеня 2025, 16:31