Святы Айцец да місіянераў: адзінства – гэта магутнае сведчанне

Менавіта па любові, якую маем паміж сабой, свет пазнае, што мы з’яўляемся вучнямі Езуса, - нагадаў Францішак 10 студзеня 2025 года падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва французскай евангелізацыйнай ініцыятывы Congrès Mission.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Несці надзею значыць даваць свету жывое слова, слова, укаранёнае ў Евангеллі, якое суцяшае і адкрывае новыя шляхі”, - адзначыў Святы Айцец, заклікаючы сваіх гасцей не баяцца выходзіць насустрач людзям, несучы ім надзею.

“Наш свет пазначаны вайной і мноствам несправядлівасці, яго разрывае індывідуалізм. Усё гэта часта спараджае сумневы, страх перад будучыняй і, часта, роспач. Але мы, хрысціяне, маем упэўненасць: Хрыстус – наша надзея. Ён – брама надзеі, заўсёды. Ён – Добрая вестка для гэтага свету!” – запэўніў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што місіянеры пакліканы да паслухмянасці Святому Духу, а гэта значыць быць здольнымі выходзіць па-за прывычныя схемы і нават пагадзіцца на ўзнікненне невялікага замяшання. Ён нагадаў, што Святы Дух парушае прывычны лад, падштурхоўваючы да крэатыўнасці. “Паглядзіце на жыцці святых: яны ўсе былі крэатыўнымі, бо мелі Святога Духа ў сабе”, - дадаў Пантыфік.

Папа заахвоціў сваіх гасцей несці Евангелле моладзі, “якая мае прагу сэнсу, праўдзівасці і сапраўдных сустрэч”. “Дапамажыце маладым людзям адкрыць для сябе Хрыста, бо Хрыстус – гэта адказ на іх самыя глыбокія памкненні. Дапамажыце ім узрастаць у веры, прымаць мужныя рашэнні і таксама станавіцца місіянерскімі вучнямі Езуса, жывымі сведкамі Евангелля. Перадавайце ім адвагу марыць пра больш братэрскі свет і суправаджайце іх, каб яны станавіліся творцамі надзеі ў іх сем’ях, месцах вучобы і працы”, - заклікаў Святы Айцец.

Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік нагадаў місіянерам пра важнасць захавання еднасці паміж сабой. “Адзінства – гэта магутнае сведчанне: менавіта па любові, якую маем паміж сабой, свет пазнае, што мы з’яўляемся вучнямі Езуса. Клапаціцеся адзін пра аднаго, падтрымлівайце адзін аднаго ў цяжкасцях і разам цешцеся плёнам, якім Святы Дух дазваляе саспець праз вашы намаганні”, - пажадаў Францішак.
 

10 студзеня 2025, 11:44