Пошук

Папа: рэлігійныя лідары павінны накіроўваць чалавецтва да культуры міру

Пра важнасці міжрэлігійнага дыялогу, свабоды веравызнання і ўзаемапавагі паміж прадстаўнікамі розных канфесій казаў у прамове да дэлегацыі мангольскіх будыстаў Святы Айцец.

Марыя Валодзіна - Vatican News

13 студзеня 2025 года Францішак прыняў у Ватыкане дэлегацыю будыстаў Манголіі. Іх суправаджаў кардынал Джорджа Марэнга, Апостальскі прэфект Улан-Батара.

Папа шчыра падзякаваў гасцям за візіт, які мае асаблівае значэнне, паколькі адлюстроўвае доўгія і сяброўскія адносіны паміж Манголіяй і Святым Пасадам. У 2023 годзе Францішак наведаў гэту краіну. Адным з кульмінацыйных момантаў апостальскага падарожжа стала міжканфесійная сустрэча, удзельнікі якой разважалі пра агульныя духоўныя пошукі ўсіх людзей.

За апошнія дзесяцігоддзі Манголія адрадзіла сваю багатую рэлігійную спадчыну, адначасова прадэманстраваўшы намаганні па паспяховаму пераходу да дэмакратыі. Прыхільнасць Манголіі да рэлігійнай свабоды і дыялогу паміж рознымі канфесіямі дазваляе будаваць грамадства, узбагачанае не толькі матэрыяльным росквітам, але і важнымі духоўнымі каштоўнасцямі братэрства і салідарнасці. “Прасоўваючы гэтыя каштоўнасці, рэлігіі граюць жыццёва важную ролю ў пабудове справядлівага і згуртаванага грамадства”, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік нагадаў гасцям, што іх візіт адбыўся ў пачатку Юбілейнага года, які ў хрысціянскай традыцыі з'яўляецца часам пілігрымак, прымірэння і надзеі. Святы год служыць напамінам ўсім рэлігійным лідарам аб іх адказнасці за тое, каб накіроўваць чалавецтва да стварэння культуры міру і адмовы ад насілля.

Папа выказаў надзею на тое, што сустрэча будзе спрыяць паглыбленню супрацоўніцтва паміж будыстамі і католікамі ў прасоўванні грамадства, заснаванага на дыялогу, братэрстве, рэлігійнай свабодзе, справядлівасці і сацыяльнай гармоніі. “Заклікаю вас упарціцца ў прасоўванні гэтых прынцыпаў і ўмацаванні адносін з Каталіцкім Касцёлам у Манголіі дзеля міру і росквіту кожнага”, - заахвоціў гасцей Францішак.

17 студзеня 2025, 14:08