Пошук

Прэзідэнт Мальты здзейсніла візіт у Ватыкан

24 студзеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі прэзідэнта Мальты Мірыям Спітэры Дэбону, якая затым сустрэлася з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак і Мірыям Спітэры Дэбона размаўлялі за закрытымі дзвярыма каля дваццаці хвілін. Затым адбыўся традыцыйны абмен падарункамі. Папа ўручыў сваёй госці керамічную скульптуру Пяшчота і любоў і спецыяльныя выданні некаторых сваіх дакументаў.

Палітык падарыла Святому Айцу кошык з мальтыйскімі пачастункамі, а таксама перадала яму апарат для правядзення фізіятэрапіі, прызначаны для ватыканскай амбулаторыі, якая аказвае дапамогу бедным.

У ходзе перамоў, якія адбыліся ў Дзяржаўным сакратарыяце, была выказана ўзаемная ўдзячнасць за трывалыя двухбаковыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Мальтай, а таксама пацверджана прыхільнасць да далейшага ўмацавання супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Падчас гутаркі закраналіся некаторыя актуальныя міжнародныя тэмы. Асаблівая ўвага была нададзена сітуацыі ў Міжземнаморскім рэгіёне, канфліктам у Ізраілі і Палесціне, крызісу ва Украіне, а таксама праблемам, звязаным з міграцыяй, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
 

24 студзеня 2025, 11:10