Папа сустрэўся з пацыентамі дзіцячай анкалагічнай клінікі Вроцлава

10 студзеня 2025 года ў Ватыкане прайшла асаблівая сустрэча: Францішак прывітаў маленькіх пацыентаў вроцлаўскай анкалагічнай клінікі, разам з іх роднымі і медыкамі. Папа звярнуўся да іх са словамі падтрымкі, любові і надзеі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзяцей і падлеткаў, якія праходзяць лячэнне ў клініцы анкалогіі і гематалогіі Вроцлава, суправаджалі бацькі і медыцынскі персанал. У сваім звароце да гасцей Папа нагадаў, што сёлета адзначаецца Юбілейны год, прысвечаны надзеі. “Гэта год, калі Бог жадае адарыць нас асаблівымі ласкамі”, - падкрэсліў ён. “Вы, дарагія дзеці і моладзь, з'яўляецеся для мяне знакамі надзеі. Чаму? Таму што я ўпэўнены, што Езус прысутнічае ў вас, а там, дзе Ён, заўсёды ёсць надзея, якая не расчароўвае!" - сказаў Францішак.

Святы Айцец адзначыў важнасць узаемнай падтрымкі ў радасці і ў смутку, як доказу сапраўднага сяброўства. "Вы добра ведаеце: калі мы сапраўдныя сябры, радасць іншага –таксама і мая радасць, а боль іншага – таксама і мой боль”. Ён нагадаў словы Езуса, звернутыя да вучняў: "Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас" (Ян 15, 15). Папа падкрэсліў, што ўсе прысутныя дзеці таксама сябры Езуса і могуць дзяліцца з Ім як радасцямі, так і нягодамі.

Францішак назваў “яшчэ адным доказам сяброўства Езуса” любоў і пастаянную прысутнасць бацькоў, урачоў і медсясцёр, якія клапоцяцца аб паляпшэнні здароўя дзяцей, каб тыя не гублялі мары і надзеі.

Папа папрасіў гасцей дапамагчы яму служыць Касцёлу, падтрымліваючы яго сваімі малітвамі. Ён таксама заклікаў іх маліцца аб шматлікіх хворых дзецях, якія не маюць магчымасці атрымаць неабходнае лячэнне.

Францішак падзякаваў усім, хто суправаджаў маленькіх пілігрымаў у Рым: ганароваму консулу Люксембурга ў Польшчы, прафесарам, урачам, медсёстрам і святару. Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў бацькам, якія разам з дзецьмі з'яўляюцца сапраўднымі пілігрымамі надзеі. Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец благаславіў усіх прысутных, даручыўшы іх Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса праз Беззаганнае Сэрца Марыі.

10 студзеня 2025, 11:49