Францішак заклікае да культуры бяспекі на дарогах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Нам патрэбна культура павагі і бяспекі дарожнага руху, пачынаючы са школ", - падкрэсліў Пантыфік, высока ацэньваючы адукацыйныя праграмы, якія рэалізуе Клуб. Святы Айцец адзначыў, што дасягненне мэты "нуль ахвяр на дарогах" з'яўляецца не проста праграмай, але абавязкам.
Францішак таксама звярнуў увагу на экалагічны аспект транспарту. Колькасць транспартных сродкаў, спажыванне неаднаўляльнай энергіі, кошт паліва, забруджванне і заторы аказваюць відавочны ўплыў на планету і яе жыхароў. Паводле слоў Папы, неабходна працаваць над вырашэннем гэтых праблем, у тым ліку праз стварэнне альянсаў на карысць заахвочвання ўстойлівасці.
На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец даручыў супрацоўнікаў Аўтамабільнага клуба Італіі, іх сем'і і працу заступніцтву святога Хрыстафора, апекуна аўтамабілістаў.
Аўтамабільны клуб Італіі з'яўляецца дзяржаўнай некамерцыйнай установай Італьянскай Рэспублікі, якая выконвае функцыі прасоўвання, кантролю і нарматыўнага рэгулявання аўтамабільнай галіны. Ён вось ужо на працягу 120 гадоў працуе над развіццём культуры бяспекі дарожнага руху.