Пошук

Папа рэктарам семінарый: не бойцеся разнастайнасці

Развіваць у кандыдатах у святары ўнутраную свабоду, чалавечнасць і місійную накіраванасць заахвоціў Папа рэктараў вышэйшых і прапедэўтычных семінарый Францыі, якіх прыняў 25 студзеня 2025 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў рэктарам аб важнасці духоўнага суправаджэння семінарыстаў, параўнаўшы іх з суддзёй Іліем, які дапамог маладому Самуілу пачуць голас Божы. “Вы – абнадзейлівая прысутнасць, арыенцір для моладзі, якая даручана вашай апецы”, - сказаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў важную ролю сведчання, таму што сучасны чалавек больш ахвотна прыслухоўваюцца да сведак, чым да настаўнікаў. Таму супрацоўнікі семінарыі павінны быць сведкамі хрысціянскага жыцця як ў адукацыйнай супольнасці, так і па-за межамі семінарыі – у парафіях, рухах, сем'ях.

Францішак заахвоціў гасцей ствараць у семінарыях атмасферу даверу, клімат бацькоўства і братэрства, падобны да сямейнага, каб семінарысты маглі быць шчырымі і адкрытымі. Гэта дазволіць ім быць сабой і развівацца без страху асуджэння.

Сённяшнія кандыдаты ў святары моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго, маюць разнастайны жыццёвы вопыт, паходзяць з розных сацыяльных і сямейных кантэкстаў, розных культур. Вось чаму асабістае суправаджэнне, індывідуальны падыход да кожнага з іх неабходныя больш чым калі-небудзь. "Не бойцеся разнастайнасці!", - заклікаў Папа, перакананы, што прыняцце разнастайнасці “будзе гарантыяй будучага братэрства і еднасці” святароў.

Унутраная свабода

Мэта семінарыі – падрыхтаваць вучняў-місіянераў, якія служаць людзям і нясуць ім ласку Божую. Будучыя святары павінны мець здольнасць да самастойнага крытычнага мыслення. Яны не павінны быць "клонамі" з аднолькавым мысленнем, а мець сапраўдную ўнутраную свабоду, - лічыць Францішак.

Чалавечнасць

Другі важны аспект падрыхтоўкі святара – чалавечнасць і эмацыйная сталасць. Святар павінен быць здольны да цеплыні, блізкасці і спачування. Важна развіваць у кандыдатах эмацыйную сталасць і здольнасць да сапраўдных чалавечых адносін. Пры гэтым Папа заклікаў кіраўнікоў семінарый не асуджаць семінарыстаў за слабасці, абмежаванні ці праблемы афектыўнага характару. “Дасканалага чалавека не існуе, і Касцёл складаецца з уразлівых членаў і грэшнікаў”, - нагадаў Святы Айцец, заахвочваючы рэктараў усяляць у семінарыстаў надзею.

Місійная накіраванасць

Трэці аспект паклікання святара – рашучая арыентацыя на місію. Быць святаром – гэта не прафесія для самарэалізацыі, а служэнне Богу і людзям. Гэтая місія засноўваецца на глыбокай і гарачай любові да Хрыста і жаданні несці Яго вучэнне народу. Цяжка ўявіць сабе святарскае пакліканне без самаадданасці, бескарыслівасці і шчырай пакоры, - сцвердзіў Святы Айцец, папярэджваючы аб небяспецы пошуку ўлады і славы. Ён заклікаў рэктараў не баяцца самаахвярнасці і быць у гэтым прыкладам для сваіх семінарыстаў.

Напрыканцы прамовы Папа благаславіў супольнасці семінарый, даручыўшы іх кіраўніцтву Святога Духа і апецы Панны Марыі.

25 студзеня 2025, 11:16