Пошук

Францішак: рабіць дабро заўсёды і ўсім, асабліва самым уразлівым

Быць захавальнікамі, а не гаспадарамі планеты, інвеставаць грошы ў справы, якія ідуць на карысць людзям, заклікаў Францішак дэлегацыю Каталіцкага фонду Вероны, якую прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 18 студзеня 2025 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што Юбілейны год, які мы ўсе разам адзначаем як пілігрымы ў надзеі (peregrinantes in spem), нагадвае, што чалавецтва з'яўляецца не гаспадаром, а захавальнікам свету. "Мы павінны клапаціцца аб агульным доме, які даверыў нам Пан", - адзначыў Папа, нагадаўшы, што слова эканоміка азначае менавіта мудрае кіраванне домам.

Францішак высока ацаніў ініцыятывы Фонду ў падтрымцы сем'яў і моладзі, развіцці валанцёрства, культурнай і прафесійнай адукацыі, якія ажыццяўляюцца ў супрацоўніцтве з дыяцэзіяй Вероны. Ён заклікаў дабрачынцаў працягваць рабіць дабро “заўсёды і ўсім”, пачынаючы з самых уразлівых. “Давайце не будзем забываць, што грошы прыносяць больш карысці, калі іх інвестуюць на карысць блізкага”, - нагадаў Папа.

Пантыфік выказаў сур'ёзную занепакоенасць сучаснай сітуацыяй у інвестыцыйнай сферы. Ён раскрытыкаваў укладанне сродкаў у вытворчасць зброі, назваўшы такую практыку вар'яцтвам, якое супярэчыць інтарэсам чалавецтва. “Інвеставаць, каб забіць. Яны вар'яты! Гэта не ідзе на карысць людзям”, - абурыўся Францішак, дадаючы, што эгаістычнае выкарыстанне багацця робіць сэрца чэрствым і глухім да голасу бедных.

Папа заклікаў гасцей працягваць давяраць Божаму Провіду і працаваць дзеля пабудовы справядлівай будучыні. "Рабіць дабро – гэта значыць сеяць будучыню, шчасце і мір”, - падкрэсліў Святы Айцец.

18 студзеня 2025, 10:34