Папа: праход праз Святую Браму – сімвал жадання абнаўлення
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак пажадаў паліцэйскім і іх сем’ям спакойнага Юбілейнага 2025 года, нагадаўшы, што падчас яго “мы пакліканы скіраваць позірк да Езуса Хрыста, нашай надзеі, Які становіцца пілігрымам разам з намі і хоча падарыць нам самога Сябе, Сваё благаслаўленне і прабачэнне”.
Пантыфік заахвоціў на працягу Юбілею прайсці праз Святыя Брамы, адкрытыя ў папскіх рымскіх базіліках, падкрэсліўшы, што гаворка не ідзе пра “магічнае дзеянне”, а пра сімвалічны хрысціянскі жэст, які азначае жаданне распачаць ад пачатку і дазволіць Богу абнавіць нас.
Святы Айцец заахвоціў тых, “хто не прызнае, што валодае дарам веры”, таксама скарыстацца гэтым Юбілейным годам для глыбокай рэфлексіі, якая дапаможа на жыццёвым шляху.
Папа нагадаў, што “бяспека – гэта нябачнае дабро, важнасць якога мы ўсведамляем менавіта тады, калі яго па нейкіх прычынах бракуе”. Ён падзякаваў паліцэйскім за прафесіяналізм і самаахвярнае служэнне, нагадаўшы, што “паранены грахом чалавек робіць неабходнай працу сіл аховы парадку, пастаўленых на службу агульнаму дабру ўсяго грамадства”.
Інспекцыя па ахове грамадскага парадку Ватыкан з’яўляецца спецыяльным аддзелам італьянскай паліцыі, які дапамагае Ватыканскай жандармерыі ахоўваць плошчу святога Пятра і яе ваколіцы, а таксама суправаджае Папу падчас яго пастырскіх візітаў па тэрыторыі Італіі.
Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui